Беларуская Служба

«Флагшток»: Расійскі аэрастат заляцеў ва Украіну з Гомельшчыны

04.05.2026 13:02
Па дадзеных украінскага маніторынгавага канала «Рында маніторыт», 2 траўня каля 21.40 зонд з Беларусі рухаўся курсам на сяло Народычы ў Жытомірскай вобласці.
Ілюстрацыйны здымак/Андрэй ДземчанкаКалаж Уніян/Флагшток

2 мая вечарам быў зафіксаваны залёт з боку Беларусі паветранага шара, — расказаў прэс-сакратар Дзяржаўнай пагранічнай службы Украіны Андрэй Дземчанка.

— Фактычна гэта была прылада з рэтранслятарам для ўзмацнення сігналу для паветраных сродкаў паражэння, якія Расія выкарыстоўвае супраць нашай краіны падчас абстрэлаў, — удакладніў ён.

«Флагшток» высветліў, што аэрастат заляцеў з Гомельскай вобласці i гэта не першы падобны выпадак.

Па дадзеных украінскага маніторынгавага канала «Рында мониторит», 2 траўня каля 21.40 зонд з Беларусі рухаўся курсам на сяло Народычы ў Жытомірскай вобласці. Канал «еРадар» удакладніў, што паветраная сфера была зафіксавана ў Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку на тэрыторыі Гомельшчыны і неўзабаве перасекла мяжу па рэчышчы рэчкі Рожава.

У Беларусі не адрэагавалі на паведамленне ўкраінскага боку аб залёце аэрастата 2 траўня, але назаўтра па дзяржТВ выступіў камандуючы ВПС і войскамі СПА Узброеных сілаў РБ Андрэй Лук'яновіч, які назваў галоўнай праблемай рэгулярныя залёты беспілотнікаў, якія дзяжурныя сілы СПА фіксуюць «практычна штодня».

яс