З-за беларуса ў Польшчы эвакуявалі вакзал. З яго сумкі тырчалі правады.
Нецвярозы беларус пакінуў у холе чыгуначнага вакзала Bydgoszcz Główna сумку, з якой тырчалі правады. Пасажыраў вырашылі эвакуяваць, паведаміў партал Express Bydgoski, на што звярнуў увагу партал Мост.
Паведамленне аб знойдзенай сумцы паступіла 3 мая каля 16:35. На вакзал накіравалі два экіпажы пажарнай службы і паліцыю. Кіраўніцтва вакзала прыняло рашэнне эвакуяваць будынак — пасажыраў адправілі на суседнія аўтобусныя прыпынкі.
Але праверка паказала, што ў торбе знаходзяцца асабістыя рэчы. Праз дзве гадзіны паліцыя знайшла іх гаспадара ў наваколлі вакзала. Ім аказаўся п'яны грамадзянін Беларусі. Паліцыянты затрымалі мужчыну і адвезлі ў камісарыят.
яс