Беларуская Служба

Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі яшчэ сем чалавек палітычнымі зняволенымі

05.05.2026 15:22
З адпаведнай заявай выступілі Праваабарончы цэнтр «Вясна», Lawtrend, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінкскі Камітэт, Human Constanta, Прававая ініцыятыва, Офіс па правах людзей з інваліднасцю.
  +7
У Беларусі +7 новых палітвязняўspring96.org

У сувязі з інфармацыяй аб прад'яўленні абвінавачванняў, заключэнні пад варту і вынясенні прысудаў па ч. 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак) у дачыненні да Дзмітрыя Барабана, Алены Лабанавай, а таксама накіраванні па арт. 342 КК ў папраўчую ўстанову Максіма Жука, Дзмітрыя Шакаліды, Артура Гранічнага, Андрэя Колба, Юрыя Гадуна, беларускія праваабронцы адзначалі, што свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.

Праваабаронцы нагадалі, што выступы грамадзянаў насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.

Сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізычнай сілы, спецсродкаў і зброі.

У звязку з гэтым, праваабаронцы заявілі, што ацэньваюць пераслед вышэй названых асоб як палітычна матываваны і запатрабавалі ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Дзмітрыя Барабана, Алену Лабанаву, Максіма Жука, Дзмітрыя Шакаліду, Артура Гранічнага, Андрэя Колба, Юрыя Гадуна і спыніць іх крымінальны пераслед.

Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.

Крыніца: ПЦ «Вясна»/юл