Беларуская Служба

Беларуская кампанія ў Польшчы адмовілася наняць беларуску з палітычных прычын

08.05.2026 11:48
Жанчыне паведамілі, што з-за крымінальнай справы і тэрміну дзеяння яе пашпарта кампанія «абрала іншага кандыдата».
Ілюстрацыйны здымакfizkes/Shutterstock

Беларуская палітычная эмігрантка, якая жыве ў Польшчы, паведаміла ў сацсетках, што ёй адмовілі ў працаўладкаванні пасля таго, як стала вядома, што ёй пагражае крымінальная адказнасць у Беларусі за ўдзел у прадэмакратычных пратэстах.

Гаворка ідзе пра кампанію Key Food Support Sp. z o.o., заснаваную грамадзянамі Беларусі, якія таксама кіруюць бізнесам у Расіі, і якія ў тым ліку супрацоўнічаюць з расійскай праграмай «імпартазамяшчэння».

Пасля праходжання сумоўя і бясплатнага выпрабавальнага тэрміну жанчыне паведамілі, што з-за крымінальнай справы і тэрміну дзеяння яе пашпарта кампанія «абрала іншага кандыдата».

Паводле слоў эмігранткі, яе працадаўцы раней запэўнівалі яе, што яны «добра разумеюць сітуацыю беларусаў», бо самі яны з Беларусі. Гэтая справа выклікала абурэнне сярод беларускай дыяспары ў Польшчы і дыскусію аб магчымай палітычнай дыскрымінацыі ў дачыненні да эмігрантаў, якія ўцякаюць ад рэжыму Лукашэнкі, у тым ліку з боку кампаній, якімі кіруюць грамадзяне Беларусі і якія працуюць на расійскім рынку.

яс