Беларуская Служба

Супрацоўнікі гомельскага прадпрыемства ад пачатку года не атрымлівалі заробак. «Не ведаем, куды звяртацца далей»

11.05.2026 15:17
Знаёмыя супрацоўнікаў фірмы расказалі, што яны звярталіся ў органы ўлады і скардзіліся на нявыплату заробку, аднак дапамогі не атрымалі.
Беларускія рубліShutterstock.com

Супрацоўнікі прыватнага гомельскага прадпрыемства ТАА «БіПіДжы Пластык», якое займаецца вырабам дробных пластыкавых вырабаў, з пачатку гэтага года не атрымлівалі заробку, паведамляе «Флагшток».

Знаёмыя супрацоўнікаў фірмы расказалі журналістам выдання, што яны звярталіся ў органы ўлады і скардзіліся на нявыплату заробку, аднак дапамогі не атрымалі.

— Спачатку працавалі ў фірме «Белпалімергаз», затым перавялі ў «БіПіДжы Пластык»  супрацоўнікі мяркуюць, што там адзін і той жа фактычны кіраўнік. У студзені пайшлі даўгі па заробку, абяцалі, што ўсё наладзіцца і ўсё выплацяць. У выніку заробку не было за студзень, люты, сакавік. У красавіку каля 20 чалавек звольніліся, але і пры звальненні нікога не разлічылі.

Паводле супрацоўнікаў прадпрыемства, тых, хто застаўся, кіраўнік перавёў у склад «Белпалімергаза», а «БіПіДжы Пластык» афіцыйна не лічыцца за ім. Пераведзеныя супрацоўнікі атрымліваюць заробак, але каля 20 чалавек, якія звольніліся, засталіся без грошай.

 Звярталіся ў выканкам. Аддзел прымусовага выканання і Дзяржкантроль таксама ведаюць пра сітуацыю. Тэлефанавалі на гарачую лінію. Але кіраўнік хоча абвясціць фірму банкрутам і застацца ні пры чым. Не ведаем, куды далей звяртацца,  распавядаюць працаўнікі, якія баяцца, што нават праз суд не змогуць спагнаць свае заробкі.

Паводле афіцыйных крыніцаў, кіраўнік «Белпалімергаза» Канстанцін Карпаў згадваўся ў 2025 годзе ў справаздачы аб пашыраным паседжанні прэзідыуму Рэспубліканскага камітэту банкаўска-фінансавага прафсаюзу. Яго фірма была ў ліку прыватных кампаніяў, якія наведвалі члены прэзідыўму.

Тады ж паведамлялася, што ад імя Рэспубліканскага камітэту «за асабісты ўклад у развіццё і ўмацаванне згуртаванасці Банкаўска-фінансавага прафсаюзу» былі ўручаныя ўзнагароды дырэктару ТАА «Белпалімергаз» Карпаву і кіраўніку іншай фірмы.

вс