3 тыс. 090 еўра сабрана для дзяцей палітвязняў на 13 мая, вынікае з інфармацыі на сайце фонду салідарнасці BySol.
Збор быў абвешчаны 5 мая, ён прымеркаваны да Дня абароны дзяцей і пачатку летніх канікул.
Плануецца, што памер дапамогі для кожнага дзіцяці складзе 100 еўра. Заяўленая сума збору складае 10 тыс. еўра, паведамляе партал «Позірк».
Падаць заяўку на атрыманне дапамогі могуць сем’і палітвязняў з дзецьмі, у якіх адзін з бацькоў або абодва знаходзяцца ў зняволенні не менш за тры месяцы альбо прысуджаныя да абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ або без накіравання; былыя палітвязні з дзецьмі, якія вызваліліся пасля 1 студзеня 2024 года; бацькі, якія адбываюць пакаранне ў выглядзе абмежавання свабоды без накіравання ў ПУАТ і пры гэтым маюць інваліднасць, альбо якія з’яўляюцца пенсіянерамі, альбо выхоўваюць дзяцей да трох гадоў.
Заяўкі на атрыманне дапамогі прымаюцца да 31 мая ўключна.
BySol штогод аб’яўляе зборы для дзяцей палітвязняў перад летнімі канікуламі, пачаткам навучальнага года і напярэдадні навагодніх святаў.
Летась перад летнімі канікуламі фонду ўдалося сабраць сродкі для 252 дзяцей.
вс