Беларуская Служба

Міжнародная федэрацыя боксу зняла ўсе абмежаванні, накладзеныя на беларускіх спартоўцаў

13.05.2026 11:12
Абмежаванні знялі і з трэнераў, дапаможнага персаналу і афіцыйных асобаў, якія суправаджаюць беларускіх баксёраў.
БоксValentin Tikhonov/pixabay.com/CC0 Public Domain

Міжнародная федэрацыя боксу (World Boxing), якая рэгулюе аматарскі бокс, выканала рэкамендацыі Міжнароднага алімпійскага камітэту і дазволіла беларускім спартоўцам выступаць на спаборніцтвах пад дзяржаўным сцягам. Пра гэта паведамляе Радыё «Свабода».

Як сказана ў афіцыйным паведамленні, зняцце санкцый для Беларусі ўступае ў сілу неадкладна, і цяпер беларускія баксёры могуць без абмежаванняў удзельнічаць ва ўсіх міжнародных спаборніцтвах, арганізаваных World Boxing, яе Кантынентальнай канфедэрацыяй для Еўропы, European Boxing, а таксама ў міжнародных спаборніцтвах, арганізаваных нацыянальнымі федэрацыямі — членамі World Boxing.

Абмежаванні знялі і з трэнераў, дапаможнага персаналу і афіцыйных асобаў, якія суправаджаюць беларускіх баксёраў.

У канцы красавіка World Boxing дапусціла баксёраў з Беларусі і Расіі да ўдзелу ў міжнародных спаборніцтвах у якасці індывідуальных нейтральных спартоўцаў.

Міжнародная федэрацыя боксу (World Boxing) была створана ў 2023 годзе. Абмежаванні для расійскіх баксёраў засталіся. Гэта новая спартовая арганізацыя каардынуе аматарскі бокс і накіроўвае сваю дзейнасць на захаванне яго ў праграме Алімпійскіх гульняў. Арганізацыя з’явілася як альтэрнатыва Міжнароднай асацыяцыі боксу (IBA) з-за праблем з празрыстасцю ў апошняй. Яе часова прызнаў Міжнародны алімпійскі камітэт. Арганізацыю ўзначальвае баксёр з Казахстану Генадзь Галоўкін.

12 мая абмежаванні для беларускіх спартоўцаў па рэкамендацыі Міжнароднага алімпійскага камітэту зняў Міжнародны звяз сучаснага пяціборства.

вс