Беларуская Служба

Ва Украіне заўважылі змену расійскай тактыкі прымянення «шахедаў» — яны ляцяць уздоўж мяжы з Беларуссю

13.05.2026 13:08
У Галоўным упраўленні разведкі (ГУР) украінскага Мінабароны паведамілі пра камбінаваны працяглы паветраны ўдар, які пачаўся 13 траўня.
.
У.ПуцінPAP/EPA/MIKHAIL METZEL/SPUTNIK/KREMLIN POOL / POOL

Пры гэтым Расія запусціла свае ўдарныя дроны кшталту «Шахед» уздоўж беларуска-ўкраінскай мяжы. Такая змена тактыкі сведчыць аб жаданні перагрузіць СПА, каб нанесці больш удараў па захадзе Украіны. Пра гэта ў Фэйсбуку распавёў дарадца міністра абароны Украіны Сяргей Бяскрэстнаў, паведамляе «Люстэрка».

У ГУР паінфармавалі пра тое, што 13 траўня Расіяй распачатая камбінаваная паветраная атака на Украіну, якая можа мець працяглы характар:

— У першай хвалі атакі агрэсар ужывае значную колькасць ударных беспілотнікаў для перагрузкі сістэмы супрацьпаветранай абароны Украіны і паразы грамадзянскіх аб'ектаў. У далейшым Расія плануе прымяніць значную колькасць крылатых ракет паветранага і марскога базіравання, а таксама балістыкі. Мэты Масквы — абʼекты крытычнай інфраструктуры і жыццезабеспячэння буйных гарадоў, у прыватнасці энергетыкі, прадпрыемствы ВПК, будынкі органаў дзяржаўнай улады — падкрэслівае Бяскрыжнаў і дадае — Кожны раз супернік спрабуе змяніць тактыку ўжывання «Шахедаў«. На гэты раз «Шахеды» рухаюцца ўздоўж мяжы РБ на адлегласці 5-10 км, літаральна адзін за адным, і адразу ў вялікай колькасці. Праціўнік разлічвае перагрузіць наша СПА, каб як мага больш мэт прарвалася ўглыб краіны на захад, — напісаў Бяскрэстнаў.

Ён адзначае, што абмінанне тэрыторыі Беларусі для расійскіх дронаў — гэта «лішнія рызыкі быць збітымі, лішні час палёту, лішнія складанасці праграмавання маршруту». Паводле яго меркавання, Мінск «не спяшаецца прадастаўляць РФ сваю паветраную прастору нават на некалькі кіламетраў».
Паводле інфармацыі неафіцыйных маніторынгавых сервісаў, на тэрыторыю Беларусі 13 траўня маглі заляцець шэсць дронаў.

«Люстэрка»/ав