Музычная абo спяваючая дарога зʼявіцца на ўчастку Р-83 «Брэст – Камянец – Нацыянальны парк «Белавежская пушча», паведамілі ў Міністэрстве транспарту Беларусі.
Паводле паведамлення, спецыяльную разметку нанясуць на паласу руху халодным пластыкам, пры наездзе на які ў салоне аўтамабіля можна будзе пачуць кампазіцыю «Белавежская пушча» ансамбля «Песняры».
Працягласць участка — каля 700 метраў. Аб набліжэнні да музычнай дарогі будзе папярэджваць інфармацыйны знак.
Работы праводзяцца ў рамках падрыхтоўкі рэспубліканскіх трас да летняга сезона — 2026.
Нагадаем, першая «спяваючая» дарога зʼявілася ў 2024 годзе на Р-31 «Бабруйск – Мазыр – мяжа Украіны». Там кіроўцаў суправаджаюць «Песняры» кампазіцыяй «Беларусь».
аз