Беларуская Служба

Урад Літвы ініцыяваў дэнансацыю пагаднення з Беларуссю аб малым памежным руху

14.05.2026 14:40
Дарэчы пагадненне ніколі не запрацавала, бо беларускі бок дагэтуль не ратыфікаваў дамовы.
Сцяг Літвыjorono/pixabay.com/CC0 Public Domain

Урад Літвы прапануе дэнансаваць пагадненне з Беларуссю аб парадку паездак жыхароў памежных тэрыторый, падпісанае ў 2010 годзе. Кабінет міністраў Літвы на пасяджэнні 13 траўня ўхваліў рашэнне звярнуцца да прэзідэнта з просьбай унесці ў Сейм прапанову аб скасаванні гэтай дамовы з Мінскам, якой, дарэчы, беларускі бок дагэтуль не ратыфікаваў, нагадвае «Свабода».

Як паведаміла Міністэрства замежных спраў Літвы, нягледзячы на тое, што пагадненне было заключанае 16 гадоў таму, яно так і не набыло сілы.

— За гэты перыяд ад Рэспублікі Беларусь не паступала апавяшчэнняў аб завяршэнні ўнутраных працэдур, у сувязі з чым пагадненне лічыцца неактуальным, – заявілі агенцтву BNS у Міністэрстве замежных спраў Літвы.

Мэтай дакумента было надаць жыхарам памежных тэрыторый права перасякаць мяжу па спецыяльных дазволах і знаходзіцца на сумежнай тэрыторыі да 90 дзён на працягу паўгода. Літва ратыфікавала пагадненне ў 2011 годзе, а Беларусь гэта так і не зрабіла.

Краіны-суседзі Беларусі, якія ўвайшлі ў свой час у Шэнгенскую зону, былі зацікаўленыя захаваць культурныя, дзелавыя, сваяцкія сувязі з беларусамі. Таму Еўрасаюз пачаў працаваць над заканадаўствам для пагадненняў аб малым памежным руху, і ў канцы 2006 года быў прыняты спецыяльны рэгламент для рэгулявання такіх пагадненняў. Малы памежны рух прадугледжвае спрошчаны рэжым перасячэння мяжы для жыхароў на тэрыторыі 30-50 км ад дзяржаўнай мяжы.

Аналагічнае пагадненне з Польшчай таксама не было ратыфікаванае беларускім бокам. У МЗС Беларусі патлумачылі, што гэтаму нібыта перашкаджае палітыка Літвы і Польшчы адносна беларускіх уладаў.

У выпадку з Латвіяй пагадненне спачатку запрацавала, але ў 2022 годзе і яно было скасаванае Рыгай пасля таго, як Беларусь дазволіла Расіі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападу на Украіну.

аз