«Хрысціянская візія» піша, што афіцыйна да гэтага часу не паведамлялася аб тым, якімі вынікамі завяршылася кампанія па перарэгістрацыі рэлігійных арганізацый.
«Сакрэт» выдаў сам Аляксандр Лукашэнка, які, сустракаючыся з Грэмам, заявіў:
— У Беларусі 850 пратэстанцкіх абшчын, 20 місій і 5 навучальных устаноў. Таму ваша веравызнанне ў нас вельмі шырока прадстаўлена.
Відавочна, ён агучыў даныя, падрыхтаваныя апаратам Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей.
«Хрысціянская візія» падлічыла: да пачатку перарэгістрацыі, паводле інфармацыі на сайце Упаўнаважанага, у Беларусі налічвалася 931 абшчына ўсіх пратэстанцкіх напрамкаў. Калі дадзеныя, якія прывёў Лукашэнка, поўныя, выходзіць, што была ліквідавана 81 арганізацыя.
Таксама да перарэгістрацыі ў Беларусі была 21 пратэстантанцкая місія, значыць, адна з іх зараз закрытая. Колькасць навучальных устаноў не змянілася.
«Хрысціянская візія»/ав