Беларуская Служба

Беларуская і расійская арміі на беларускай тэрыторыі трэніруюцца наносіць ядзерны ўдар

18.05.2026 12:01
Былы палітвязень Мікалай Статкевіч перасцерагае, што Расія можа выкарыстаць тэрыторыю Беларусі для ядзернага ўдару па Еўропе.
ілюстрацыйны здымакFoto: фота: Shutterstock/Kosmogenez

Сёння пад кіраўніцтвам начальніка Генштаба Беларусі пачалася трэніроўка вайсковых часцей баявога прымянення ядзернай зброі і ядзернага забеспячэння, паведаміла «Наша Ніва».

Паводле Мінабароны Беларусі, мэта трэніроўкі — удасканаленне ўзроўню падрыхтоўкі асабовага складу, праверка гатоўнасці да выканання задач і арганізацыя баявога прымянення з няпланавых раёнаў.

У ходзе трэніроўкі ва ўзаемадзеянні з расійскім бокам плануецца адпрацаваць пытанні дастаўкі ядзерных боепрыпасаў і падрыхтоўкі іх да прымянення.

Паведамляецца, што галоўнай асаблівасцю мерапрыемства стане праверка гатоўнасці да выканання задач баявога прымянення з непадрыхтаваных раёнаў на ўсёй тэрыторыі краіны. Асноўны ўпор будзе зроблены на адпрацоўку пытанняў скрытнасці, перамяшчэння на значныя адлегласці, правядзенне разлікаў для прымянення сіл і сродкаў.

Зазначаецца, што трэніроўка з’яўляецца планавым мерапрыемствам падрыхтоўкі ў рамках Саюзнай дзяржавы, не накіравана супраць трэціх краін і, паводле заявы Мінабароны, не нясе пагрозы бяспецы ў рэгіёне.

Былы палітвязень Мікалай Статкевіч, экс-кандыдат у прэзідэнты, а да таго — вайсковец-ракетчык, бачыць прыкметы таго, што Расія мае намер выкарыстаць тэрыторыю Беларусі для ядзернага ўдару па Еўропе. Ён апублікаваў артыкул, у якім папярэджвае: Расія мае план нанесці абмежаваны ядзерны ўдар з беларускай тэрыторыі, разлічваючы, што і ўдар у адказ абмяжуецца Беларуссю. Статкевіч лічыць такі сцэнар катастрафічным для краіны.

аз