Віншаванне з нагоды Дня Канстытуцыі Нарвегіі апублікавала на сваёй старонцы ў сацсетцы Х дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, паведамляе партал «Позірк».
Нарвегія, паводле яе слоў, «цвёрда адстойвае свабоду і чалавечую годнасць — каштоўнасці, якія аб’ядноўваюць нарвежцаў і беларусаў».
— Дзякуй вам за тое, што вы падтрымліваеце народ Беларусі ў нашай барацьбе за вольную і дэмакратычную будучыню, — адзначыла палітык.
Раней 17 мая нарвежскі народ з Днём Канстытуцыі павіншаваў Аляксандр Лукашэнка, заявіўшы сярод іншага пра гатоўнасць да «адкрытага дыялогу» з Осла.
Ціханоўская неаднаразова наведвала Нарвегію, апошні раз гэта было ў снежні 2025 года.
У сакавіку 2025 года Кансерватыўная партыя Нарвегіі (Høyre) узнагародзіла Ціханоўскую прэміяй імя Сьюра Ліндэбрэке ў галіне дэмакратыі і правоў чалавека.
Улады Нарвегіі паслядоўна не прызнаюць Лукашэнку легітымным прэзідэнтам Беларусі і падтрымліваюць беларускі дэмакратычны рух. Гэтая скандынаўская дзяржава не ўваходзіць у Еўрапейскі Саюз, але з’яўляецца членам Еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю і шчыльна звязаная з ЕС у палітычным і эканамічным плане. Осла неаднаразова далучаўся да санкцый, уведзеных ЕС у дачыненні да рэжыму ў Мінску.
Нарвегія стала першай дзяржавай, якая зрабіла ўнёсак — 10 млн нарвежскіх крон (850 тыс. еўра) — у заснаваны дэмакратычнымі сіламі Беларусі Міжнародны гуманітарны фонд дапамогі беларускім палітвязням.
Раней урад Беларусі ўнёс Нарвегію ў спіс «недружалюбных дзяржаў», у дачыненні да якіх час ад часу ўводзяцца абмежавальныя меры — як правіла, у адказ на ўвядзенне новых санкцый. У той жа час гэтая скандынаўская дзяржава ўключаная ў «пашыраны пералік» краін Еўропы, грамадзянам якіх да канца 2025 года дазволена наведваць Беларусь без візы.
вс