Беларуская Служба

«Каб не расслабляліся». Сілавікі ўрываюцца да беларусаў, якіх ужо не могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці за пратэсты 2020 года

18.05.2026 18:35
Пра новую практыку помсты за ўдзел у пратэстах 2020‑га паведамілі адразу з некалькіх крыніц.
   2020 .
Лукашэнкаўская міліцыя ў 2020 годзе.Andrei Bortnikau/Shutterstock

Сілавікі брутальна ўварваліся ў некалькі кватэр у Магілёве, але пасля запужвання і прафілактычнай размовы затрыманых адпусцілі дадому, бо мінуў тэрмін даўнасці прыцягнення да крымінальнай адказнасці па пратэсным артыкуле 342 КК (па ім звычайна судзілі за ўдзел у маршах). Пра гэта паведамляе «Наша Ніва» са спасылкай на ананімныя крыніцы.

Выязная акцыя запужвання выглядала так. Супрацоўнікі ГУБАЗіКа, некалькі чалавек, прыходзілі каля 7:00 раніцы. Калі чалавек адкрываў дзверы пасля грукату, яго клалі тварам у падлогу, рукі заломвалі. Дома ператрасалі і раскідвалі рэчы (нібыта больш для птушачкі, чым з мэтай нешта адшукаць).

Пасля чалавека забіралі ў мясцовае аддзяленне на прафілактычную размову. Казалі пра адказнасць за любую пратэсную дзейнасць і тое, як адсочваюць «экстрэмістаў». Давалі таксама падпісаць паперу, што людзі ўсё паслухалі і зразумелі рызыку крымінальнай адказнасці за новыя факты пратэсту.

Да людзей прыходзілі за маршы 2020 года. Сілавікі тлумачылі, што для таго, «каб не расслабляліся». На суткі не забіралі.

Невядома, ці гэтая практыка прымянецца толькі ў Магілёве, ці таксама ў іншых рэгіёнах.

У апошнія гады за маршы, калі па гэтым артыкуле яшчэ дзейнічаў тэрмін даўнасці, звычайна суды давалі хатнюю хімію. Са жніўня 2025 года пяцігадовы тэрмін прыцягнення да крымінальнай адказнасці стаў заканчвацца (для кожнай акцыі пратэсту свая дата ў залежнасці ад таго, калі яна прайшла). Тых, каго на той момант затрымалі, але не паспелі асудзіць, або трымалі ў СІЗА да суда і адпускалі, або пераводзілі справу з крымінальнай у адміністрацыйную.

вс