Сярод іншых Польшчу добраахвотна пакінула 20 грамадзян Беларусі (Украіны — 40, Грузіі — 19), прымусова — 6 (Украіны — 28, Малдовы — 9).
— Сярод затрыманых замежнікаў былі, у прыватнасці, асуджаныя за захоўванне наркатычных сродкаў, падробку, змяненне або выкарыстанне падробленага дакумента як сапраўднага, а таксама за пагрозы пазбаўлення жыцця і нанясення шкоды здароўю блізкаму чалавеку, — гаворыцца ў паведамленні. — Частцы з іх былі выстаўленыя абвінавачанні ў сексуальным выкарыстанні непаўналетняй ва ўзросце менш за 15 гадоў, а таксама ў садзейнічанні незаконнаму перасячэнню мяжы і дапамозе ў пранікненні ў Польшчу.
З 4 па 10 траўня ў добраахвотным парадку Польшчу пакінула 14 грамадзян Беларусі, прымусова — 5; 20–26 красавіка — 16 і 5 адпаведна; 13–19 красавіка — 18 і 6; 6–12 красавіка — 24 (усе — добраахвотна).
У сярэдзіне сакавіка беларуская праваабарончая ініцыятыва Dissidentby апублікавала адказ Памежнай службы Польшчы, з якога вынікала, што за папярэднія на той момант 2,5 месяца на патрабаванне ўладаў краіну добраахвотна ці прымусова пакінула 192 грамадзяніна Беларусі.
У 2025 годзе Памежная служба выканала больш за 9,4 тыс. рашэнняў, якія прадпісваюць замежнікам пакінуць тэрыторыю краіны ў добраахвотным або прымусовым парадку, паведамляў раней партал onet.pl, які атрымаў адпаведныя даныя ў адказ на свой зварот у ведамства.
Грамадзян Беларусі тычылася амаль 1,3 тысячы (onet.pl апераваў прыблізнымі лічбамі), ці крыху менш за 14% усіх рашэнняў. Адзначалася, што з гэтай колькасці «каля 130» беларусаў было выслана прымусова (прыкладна 10%).
Згодна з прадстаўленымі ў матэрыяле данымі, за 2024 год (у гэтым выпадку выкарыстаныя дакладныя лічбы) з Польшчы было дэпартавана 1377 грамадзян Беларусі, у тым ліку прымусова – 66.
Позірк/ав