Упраўленне па справах замежнікаў у Польшчы прызнала беларускіх незалежных журналістаў «асаблівай сацыяльнай групай», што дае ім магчымасць атрымліваць статус уцекача менавіта ў сувязі са сваёй прафесійнай дзейнасцю, паведаміла «Наша Ніва».
На гэты момант гэта адзіная прафесія, якую разглядаюць як асобную ўразлівую групу нароўні з публічнымі палітыкамі з беларускай апазіцыі.
— Незалежныя журналісты і раней атрымлівалі як статус уцекача, так і дадатковую абарону. Але доўгі час іх справы ацэньваліся найперш праз прызму былых затрыманняў, палітычных поглядаў, публічнасці і «узроўню вядомасці, — удакладняе юрыстка Вольга Дабравольская. — Вядома, журналістам усё роўна трэба будзе даказваць рызыку або факт пераследу ў сувязі з прафесійнай дзейнасцю, але цяпер яны могуць гэта рабіць на падставе самога факта сваёй дзейнасці. То бок, упраўленне прызнала, што ёсць такая група, што яна ўразлівая і што гэта звязана з індывідуальным пераследам, — дадае юрыстка.
Ужо шэсць гадоў Вольга Дабравольская дапамагае розным беларусам у выгнанні. Пры гэтым увесь гэты час яе кліентам галоўным чынам выдавалі дадатковую абарону, а не статус уцекача — нават у выпадках, калі людзі цалкам падпадалі пад вызначэнне ўцекача паводле Жэнеўскай канвенцыі.
Але нядаўна атрыманыя рашэнні па журналісцкіх кейсах — важны паварот для ўсёй журналісцкай супольнасці ў Польшчы. Прадстаўнікі іншых прафесій, напрыклад, адвакаты, такой прывілеі на дадзены момант не маюць.
— Заўсёды прыходзілася абскарджваць кожнае рашэнне. Раней толькі праз публічнасць давалі статус уцекача. А вось ужо ў трох апошніх справах кліентам далі статус уцекача чыста за прафесійную групу — незалежныя журналісты. Пры гэтым заяўнікі не былі публічнымі персонамі, — паясняе Дабравольская.
аз