Паводле прэс-службы дыктатара, суразмоўцы таксама закранулі «будучыя сумесныя мерапрыемствы па гэтых кірунках».
Тыдзень таму Лукашэнка наведваў Маскву для ўдзелу ў мерапрыемствах з нагоды Дня Перамогі. У рамках візіту таксама адбылася яго асабістая сустрэча з Пуціным.
13 траўня прэс-служба беларускага ўрада паведаміла пра чарговую тэлефонную размову прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандра Турчына і яго расійскага калегі Міхаіла Мішусціна. Бакі «абмеркавалі актуальныя пытанні двухбаковага парадку дня і развіццё дамоўленасцяў» Лукашэнкі і Пуціна пра «нарошчванне беларуска-расійскай гандлёва-эканамічнай і навукова-тэхналагічнай супрацы, дасягнутых на перамовах 8 траўня 2026 года ў Маскве».
Суразмоўцы таксама «пацвердзілі важнасць актывізацыі інтэграцыйнага ўзаемадзеяння ў Саюзнай дзяржаве і Еўразійскім эканамічным саюзе».
Раней Турчын і Мішусцін размаўлялі па тэлефоне 4 траўня. Тады паведамлялася, што кіраўнікі ўрадаў абмеркавалі «актуальныя пытанні беларуска-расійскай гандлёва-эканамічнай і навукова-тэхналагічнай супрацы».
На наступны дзень, 5 траўня, Лукашэнка заслухаў даклад Турчына. Прэс-служба ўрада адзначыла, што на сустрэчы палітыкаў абмяркоўваўся парадак дня будучых перамоў Лукашэнкі з прэзідэнтам РФ.
Перад змястоўнай часткай перамоў з Пуціным увечары 8 траўня ў расійскай сталіцы Лукашэнка заявіў, што ім трэба будзе абмеркаваць «паўтара пытання».
— Мы асноўны партнёр на постсавецкай прасторы ў гандлі. Вядома, пры такіх вялізных аб’ёмах, пад 60 млрд долараў, заўсёды будуць нейкія праблемы. Але мы неяк прыстойна жывем гэтыя гады. Мы ніколі не мелі нейкіх сур’ёзных спрэчак, якія мы абмяркоўваем і даручаем урадам разруліць, — сказаў ён у пратакольнай частцы сустрэчы.
аз