Аналітычны брыфінг па пытаннях мілітарызацыі Беларусі правяла для Офіса Святланы Ціханоўскай арганізацыя BelPol.
Расследавальніцкая група паведаміла, што сустрэча адбылася з ініцыятывы каманды дэмакратычнага лідара на фоне «ўсё большай унутранай напружанасці ў Беларусі і ўзмацнення пагроз рэгіянальнай бяспецы, што зыходзяць ад рэжыму Лукашэнкі на адрас Украіны і краін НАТО». Пра гэта паведамляе «Позірк».
— Падчас мерапрыемства ўдзельнікам была прадстаўленая закрытая інфармацыя пра цяперашнюю вайскова-палітычную сітуацыю ўнутры краіны, уключаючы даныя пра дынаміку ўзмацнення сілавога блока, уцягнутасць Беларусі ў расійскія ваенныя стратэгіі і наступствы гэтых працэсаў для бяспекі рэгіёну, — гаворыцца ў паведамленні.
Арганізацыя BelPol падкрэсліла, што «асобная ўвага была нададзеная пытанням унутранай бяспекі». Да прадстаўнікоў Офіса Ціханоўскай «была даведзена інфармацыя пра патэнцыйныя пагрозы, якія зыходзяць ад беларускіх спецслужбаў, а таксама пра метады іх дзейнасці як унутры краіны, так і па-за яе межамі».
15 мая прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі па выніках нарады з кіраўніцтвам структур сіл абароны напісаў у сваім Тэлеграм-канале, што ўкраінская выведка фіксуе спробы «пераканаць [Лукашэнку] далучыцца да новых расійскіх агрэсіўных аперацый».
Міністэрства абароны Беларусі 18 мая паведаміла пра пачатак трэніроўкі вайсковых часцей баявога выкарыстання ядзернай зброі і ядзернага забеспячэння.
19 мая Мінабароны Расіі абвясціла пра пачатак трохдзённых вучэнняў, у рамках якіх будуць адпрацоўвацца сярод іншага «пытанні сумеснай падрыхтоўкі і выкарыстання ядзернай зброі, размешчанай на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».
вс