Беларуская Служба

«За кожнай лічбай стаіць чалавечае жыццё». Сёння адзначаецца Дзень палітвязняў у Беларусі

21.05.2026 13:00
Сёння ў Беларусі як мінімум 841 чалавек застаецца за кратамі па палітычных матывах. З іх 727 – мужчыны, 114 – жанчыны, заяўляюць праваабаронцы.
Ілюстрацыйнае фотаpatrick489/pixabay.com/CC0 Public Domain

21 траўня ў Беларусі адзначаецца Дзень салідарнасці з палітзняволенымі — дата, ініцыяваная Праваабарончым цэнтрам «Вясна» ў памяць пра палітвязня Вітольда Ашурка, які загінуў у шклоўскай калоніі ў 2021 годзе.
Сёння ў Беларусі як мінімум 841 чалавек застаецца за кратамі па палітычных матывах. Сярод іх 727 мужчын і 114 жанчын, паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».

За апошнія пяць гадоў праз палітычны пераслед прайшлі тысячы беларусаў, а мінімум дзевяць палітвязняў памерлі ў зняволенні.

Былыя вязні працягваюць распавядаць пра катаванні, збіванні, утрыманне ў ШІЗА, пастаянны ціск і нечалавечыя ўмовы.

У Дзень салідарнасці з палітвязнямі праваабаронцы нагадваюць: за кожнай лічбай стаіць чалавечае жыццё, а катаванні і жорсткае абыходжанне не могуць мець апраўдання.

На дадзены момант праваабаронцам вядома не менш чым пра 168 палітвязняў, якія знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы. Сярод іх: мінімум 60 чалавек знаходзіцца ў цяжкім стане фізічнага здароўя, восем чалавек маюць інваліднасць, 26 сталых людзей, чый узрост перавышае 60 гадоў (шмат хто з іх мае вялікія праблемы са здароўем), а таксама дзевяць чалавек з ментальнымі расстройствамі.

Сярод палітзняволеных — 37 чалавек у складаных сямейных абставінах: гэта адзінокія і шматдзетныя бацькі, а таксама сем’і, дзе абодва бацькі знаходзяцца за кратамі.

Нягледзячы на нядаўнія вызваленні па памілаванні некалькіх палітзняволеных замежнікаў, беларускія ўлады працягваюць пераследаваць іншаземцаў. Паводле звестак «Вясны», па стане на 21 траўня мінімум 17 замежных грамадзян знаходзіцца за кратамі ў Беларусі.

Апроч гэтага, на сённяшні дзень за кратамі знаходзяцца 26 шматдзетных бацькоў. Сярод іх — шэсць жанчын. Гэта: 48-гадовая Ганна Аблаб, 59-гадовая Жанна Аўрамчык, 46-гадовая Вікторыя Дамастой, 53-гадовая Надзея Лапцёнак, 47-гадовая Аксана Малочка, 60-гадовая Лукер'я Міронцава.

Агулам за кратамі з 2020-га памерлі дзевяць палітзняволеных. Першым загінулым стаў актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак. Афіцыйная прычына смерці — спыненне сэрца. Аднак яго сваякі сцвярджалі: да зняволення праблем са здароўем у Вітольда не было. Пасля яго смерці Следчы камітэт апублікаваў відэа, на якім палітвязень ледзь стаіць на нагах. Яго цела перадалі з забінтаванай галавой. Справу па факце смерці не завялі да гэтага часу.

Таксама за кратамі памерлі 36-гадовы грамадзянін Расійскай Федэрацыі Андрэй Паднябенны, 61-гадовы Валянцін Штэрмер, 22-гадовы грамадзянін Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Шлетгаўэр, 51-гадовы бізнесовец Аляксандр Кулініч, 63-гадовы грамадскі актывіст Ігар Леднік, 50-гадовы палітзняволены Вадзім Храсько, 57-гадовы мастак Алесь Пушкін, 61-гадовы палітзняволены блогер і грамадскі актывіст з Пінска Мікалай Клімовіч.

аз

Святлана Ціханоўская: Беларусь не павінна быць турмой для свайго народу

21.05.2026 11:43
21 траўня ў гадавіну смерці палітвязня Вітольда Ашурка, які загінуў у шклоўскай калоніі ў 2021 годзе, адзначаецца  Дзень салідарнасці з палітвязнямі