Беларуская Служба

Пяць польскіх святароў і аднаго манаха высылаюць з Беларусі

21.05.2026 14:01
Раней стала вядома пра адмову ў дазволе на далейшае служэнне тром польскім святарам у Віцебскай дыяцэзіі, а да гэтага – двум святарам у Пінскай дыяцэзіі.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. István Kis/pixabay.com/CC0 Public Domain

Як даведалася «Хрысціянская візія», пяці каталіцкім святарам і аднаму манаху ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якія маюць польскае грамадзянства, улады адмовілі ў працягу дазволу на далейшае служэнне ў Беларусі.

Не ўзгоднены на служэнне:

– пробашч парафіі святога Аляксея ў Івянцы айцец Лех Баханэк;
– дэкан Стаўбцоўскага дэканату, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Налібоках ксёндз канонік Мар'ян Шэршань;
– дэкан Мядзельскага дэканату, пробашч парафіі святога Мікалая, біскуп у Свіры ксёндз канонік Багуслаў Маджэеўскі;
– пробашч парафіі святога Андрэя Апостала ў Нарачы айцец Павел Ляліта;
– пробашч парафіі святога Францішка ў Салігорску айцец Сабеслаў Тамала;
– капуцын, які апошні год служыў у парафіі святога Казіміра ў Маладзечне, брат Войцех Врублеўскі.

Усе яны ўжо шмат гадоў працуюць у Беларусі, адзін з іх, айцец Лех Баханэк — болей за 25 гадоў. Ён прыехаў у Івянец у 2000 годзе, і з таго часу рэалізаваў шмат праектаў па рабоце з моладдзю, у тым ліку заснаваў «Музычную майстэрню».

Айцу Леху ўжо не працягвалі дазвол на служэнне 10 год таму, у 2016 годзе. Але затым, пасля розгаласу, улады адмянілі рашэнне і выдалі новы дазвол.

Нагадаем, раней стала вядома пра адмову ў дазволе на далейшае служэнне тром польскім святарам у Віцебскай дыяцэзіі, а да гэтага — двум святарам у Пінскай дыяцэзіі.

аз

Трое польскіх святароў, якія доўгі час працавалі ў Беларусі, вымушаныя пакінуць краіну

03.05.2026 17:31
Крытэрыі, па якіх улады адмаўляюць ва ўзгадненні на працу канкрэтных святароў, застаюцца незразумелымі.