Беларуская Служба

Некаторых «палітычных» на мяжы прымушаюць распранацца дагала

21.05.2026 15:01
Гэта адбываецца пры ўездзе ў Беларусь, паведамляе Фонд «Краіна для Жыцця».
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: gpk.gov.by

На літоўскай і польскай межах беларускі бок практыкуе «асабістыя дагляды» для тых, хто перажываў допыты ці арышты па «пратэстных справах». Гэта адбываецца пры ўездзе ў Беларусь, паведамляе Фонд «Краіна для Жыцця».

Такая мера характарызуецца распрананнем чалавека. Жанчынам загадваюць здымаць станікі і даставаць «костачкі», ніжнюю частку бялізны пакідаюць, як правіла, аднак вядомыя выпадкі, калі жанчын прымушалі здымаць і тую частку бялізны.

Панятымі часам бывае персанал, які не мае дачынення непасрэдна да памежнай службы — напрыклад, прыбіральшчыцы.

— Мы расцэньваем гэта як дадатковы ціск на людзей, прычым па цэнтралізаваным загадзе альбо «рэкамендацыях» — гэта не адзінкавы выпадак і не ў адным пункце пропуску. Ладзіць такія акцыі з мэтай прыніжэння «абраных» — ганьба і знявага, — лічыць Фонд «Краіна для Жыцця».

аз