Лідарка дэмакратычных сіл Беларусі Святлана Ціханоўская заявіла, што цяпер «не час» аслабляць санкцыі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, у тым ліку на транзіт беларускага калію праз Польшчу, Літву і Украіну. Пра гэта яна сказала ў інтэрв'ю «Радыё Свабода» падчас форуму GLOBSEC у Празе.
Так Ціханоўская пракаментавала інфармацыю пра нефармальны зварот Дзярждэпартаменту ЗША да суседзяў Беларусі з прапановай разгледзець магчымасць аднаўлення транзіту калійных угнаенняў. Вашынгтон тлумачыць гэта жаданнем зменшыць залежнасць Беларусі ад расійскіх партоў і змякчыць дэфіцыт калію на сусветным рынку.
Паводле Ціханоўскай, пакуль у Беларусі працягваюцца рэпрэсіі, а ўлады праводзяць сумесныя з Расіяй вайсковыя вучэнні і разгортваюць ядзерную інфраструктуру, гаварыць пра сістэмнае заняцце санкцый нельга.
Палітык таксама нагадала, што ЗША ўжо часткова знялі ўласныя санкцыі з «Беларуськалію» ў абмен на вызваленне часткі палітвязняў. Пры гэтым, паводле Ціханоўскай, у адносінах да Еўропы павінна дзейнічаць іншая формула: «амерыканскія санкцыі — дзеля вызвалення людзей, а еўрапейскія — дзеля вызвалення краіны».
эж