У ноч на 23 і 24 траўня, калі расійскія войскі здзейснілі найбольшую атаку на Кіеў і Кіеўскую ды іншыя вобласці Украіны, сама меней 10 расійскіх беспілотнікаў заляцелі з тэрыторыі Беларусі.
Згодна з інфармацыяй украінскіх маніторынгавых каналаў, сама меней адзін расійскі дрон заляцеў у Оўруцкі раён Жытомірскай вобласці, таксама па адным — у Чарнобыль і Прыпяць, і як мінімум 7 — у Чарнобыльскую зону адчужэння.
У ноч на 23 траўня расійскія войскі запусцілі супраць Украіны 124 ударныя дроны (102 з іх украінскія сілы абясшкодзілі), а ў ноч на 24 траўня — 600 беспілотнікаў (549 з іх удалося збіць), паведамляе «Свабода».
Згодна з інфармацыяй кіеўскіх гарадскіх уладаў, у выніку расійскай атакі 24 траўня загінулі два чалавекі і 86 чалавек пацярпелі. 21 чалавек, у тым ліку двое дзяцей, з траўмамі і раненнямі рознай ступені знаходзіцца ў лякарнях.
21 траўня ў Міністэрства замежных справаў Беларусі выклікалі часовага паверанага Літвы ў Беларусі Эрыкаса Вілканецаса і заявілі яму рашучы пратэст праз тое, што, маўляў, Літва нічога не зрабіла, каб папярэдзіць пранікненне на беларускую тэрыторыю ўкраінскага дрона, які першапачаткова накіроўваўся ў бок Расіі. Гаворка ішла пра інцыдэнт, што нібыта меў месца 17 траўня.
У той жа час Беларусь нічога не робіць з расійскімі дронамі, якія залятаюць ва Украіну з беларускай тэрыторыі. Нават наадварот — раней прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і прадстаўнікі Міністэрства абароны Украіны заяўлялі, што Беларусь дапамагае Расіі накіроўваць яе дроны на ўкраінскія тэрыторыі.
У пачатку траўня пасля адной з моцных расійскіх атак у чарнобыльскай зоне Чарнігаўскай, Кіеўскай і Жытомірскай абласцей пачаліся маштабныя лясныя пажары. Некаторыя з іх узніклі недалёка ад мяжы з Беларуссю.
аз