Дэмакратычны лідар Беларусі Святлана Ціханоўская разам са сваім намеснікам у Аб’яднаным пераходным кабінеце (АПК) Паўлам Латушкам і кіраўніком апарата АПК Валерыем Мацкевічам пачала свой візіт у Кіеве ад ускладання кветкаў на магіле беларускі Марыі Зайцавай, якая ваявала ў складзе 2-га Інтэрнацыянальнага легіёна і загінула пад Бахмутам на паўднёвым усходзе Украіны.
— Яна сімвалізуе не толькі наш супраціў дыктатуры, але і ўкраінска-беларускую салідарнасць. Для мяне было вельмі важна распачаць гэты візіт менавіта з ушанавання чалавека, які аддаў жыццё за свабоду Украіны, — адзначыла палітык.
Дарадца Ціханоўскай па дыпламатычных пытаннях, кіраўнік яе вільнюскага офіса Дзяніс Кучынскі паведаміў «Позірку», што галоўным пытаннем візіту стане тое, як мага «больш дапамагчы Украіне».
— Бо ад Украіны ў тым ліку залежыць і будучыня Беларусі, і будучыня Літвы, Польшчы, усяго рэгіёну. Таму вельмі вялікая задача, безумоўна, — як мага больш дапамагаць Украіне. На кожнай міжнароднай сустрэчы Святлана Ціханоўская падкрэслівае важнасць максімальнай падтрымкі Украіны, — казаў ён.
Візіт Ціханоўскай праходзіць на фоне рэзкага павышэння ўвагі Кіева да Беларусі. За апошні час Зяленскі ды іншыя прадстаўнікі ўкраінскіх уладаў неаднаразова заяўлялі пра тое, што Расія аднавіла спробы непасрэдна ўцягнуць Мінск у вайну, а таксама папярэджвалі рэжым Лукашэнкі пра наступствы такога развіцця падзей.
аз