Беларуская Служба

Дэмакратычныя сілы Беларусі і МЗС Украіны абмеркавалі супрацу, санкцыі і падтрымку беларусаў

26.05.2026 08:37
У Кіеве адбылася сустрэча дэлегацыі дэмакратычных сілаў Беларусі на чале са Святланай Ціханоўскай з міністрам замежных спраў Украіны Андрэем Сібігам. Перамовы працягваліся больш за дзве з паловай гадзіны.
Беларуская дэлегацыя з міністрам замежных спраў УкраіныFoto: фота: ТГ С.Ціханоўскай

Бакі абмеркавалі далейшае супрацоўніцтва паміж Украінай і дэмакратычнымі сіламі Беларусі, становішча беларусаў ва Украіне, а таксама ўзаемадзеянне ў сферах культуры, інфармацыйнай палітыкі і дыпламатыі.

Па выніках сустрэчы Украіна прызначыла амбасадара па асаблівых даручэннях Яраслава Чарнагора, які будзе каардынаваць супрацоўніцтва з беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Таксама рыхтуецца запуск каардынацыйнай групы па пытаннях беларусаў ва Украіне, якая будзе займацца праблемамі легалізацыі, міграцыі і іншымі актуальнымі пытаннямі.

Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў перадалі ўкраінскаму боку прапановы адносна санкцый супраць прадпрыемстваў і асобаў, звязаных з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Украіна, у сваю чаргу, плануе ўзняць беларускую тэматыку на Радзе міністраў замежных спраў Еўрасаюза і разгледзець магчымасць увядзення санкцый супраць так званай «Саюзнай дзяржавы».

Акрамя таго, дэмакратычныя сілы Беларусі далучацца да міжнароднай кааліцыі па вяртанні ўкраінскіх дзяцей, вывезеных з акупаваных тэрыторый. Бакі таксама дамовіліся супрацоўнічаць у супрацьдзеянні русіфікацыі, падтрымліваць беларуска-ўкраінскія культурныя і адукацыйныя праекты і садзейнічаць развіццю беларускага студэнцтва ва Украіне.

Падчас сустрэчы міністру афіцыйна прадставілі кіраўніцу Місіі дэмакратычных сілаў Беларусі ў Кіеве Святлану Шаціліну. Таксама былі перададзены прапановы па прыцягненні рэжыму Лукашэнкі да адказнасці за міжнародныя злачынствы, у тым ліку за саўдзел у агрэсіі супраць Украіны, дэпартацыю дзяцей і злачынствы супраць чалавечнасці.

Асобную ўвагу ўдзельнікі перамоваў надалі супрацьдзеянню расійскай дэзынфармацыі і прапагандзе, а таксама намаганням па недапушчэнні ўцягвання Беларусі ў вайну.

У завяршэнне сустрэчы беларускай дэлегацыі прадэманстравалі гістарычныя дакументы з афіцыйнай перапіскі паміж Украінскай Народнай Рэспублікай і Беларускай Народнай Рэспублікай за 1918–1919 гады.

ав