Беларуская Служба

BELPOL заявіў пра ўдзел беларускай кампаніі ў вытворчасці расійскіх боепрыпасаў

26.05.2026 14:02
BELPOL сцвярджае, што мантаж абсталявання ў Расіі ўлетку 2025 года выконвалі супрацоўнікі беларускай кампаніі.
.
Ілюстрацыя. фота: AA/ABACA

Ініцыятыва былых беларускіх сілавікоў BELPOL заявіла, што мінская кампанія «Элементарныя машыны» дапамагала Расіі наладжваць вытворчасць выбухоўкі для артылерыйскіх і рэактыўных снарадаў. Пра гэта паведаміў «Белсат».

Паводле расследавання, беларускае прадпрыемства паставіла на расійскі завод у Чэбаксарах спецыяльнае абсталяванне для працы з тратылам, гексагенам і алюмініевым парашком — ключавымі кампанентамі боепрыпасаў. Гаворка ідзе пра сістэмы дазавання, помпы, пульты кіравання і так званыя растваральнікі, якія выкарыстоўваюцца на пачатковым этапе начынення снарадаў выбуховымі рэчывамі.

BELPOL сцвярджае, што мантаж абсталявання ў Расіі ўлетку 2025 года выконвалі супрацоўнікі беларускай кампаніі. Пры гэтым у вытворчасці выкарыстоўваліся замежныя камплектуючыя, у тым ліку італьянскія электрарухавікі і элементы аўтаматызацыі.

У BELPOL падкрэсліваюць, што Беларусь нельга выключаць з санкцыйнай палітыкі супраць Расіі, бо беларускія прадпрыемствы працягваюць удзельнічаць у вытворчасці прадукцыі вайсковага прызначэння для расійскай арміі.

эж