Беларуская Служба

Школьнікі Заводскага раёну Мінску праходзяць абавязковыя навучальна-палявыя зборы

27.05.2026 16:01
У Беларусі навучальна-палявыя зборы, якія сёлета праходзяць у апошні тыдзень траўня і першы тыдзень чэрвеня ва ўсіх рэгіёнах краіны, сталі абавязковыя для вучняў 10 класаў.
Адміністрацыя Заводзкага раёну Менску паказала ўрачыстае адкрыцьцё палявых збораў для школьнікаў@zav_Minsk

Дзесяцікляснікі Заводскага раёну Мінску праходзяць абавязковыя навучальна-палявыя зборы на базе вайсковай часткі № 31802 – апошнія некалькі гадоў у гэтай частцы ў час летніх канікул працаваў вайскова-патрыятычны лагер, - паведамляе Свабода.

Адміністрацыя Заводскага раёну Мінску паказала ўрачыстае адкрыццё палявых збораў для школьнікаў.

Як вынікае з апублікаванага запісу, ва ўрачыстым адкрыцці збораў удзельнічалі прадстаўнікі кіраўніцтва раёну і ўласна вайсковай часткі.

На пляцы перад школьнікамі выступіў вайсковы аркестр і танцавальны калектыў. Сярод удзельнікаў збору былі толькі хлопцы, іх апранулі ў аднолькавыя курткі, майкі і кепкі. У палявых зборах возьмуць удзел 100 юнакоў.

На цырымонію адкрыцця запрасілі і бацькоў, але, як выглядае, іх было няшмат.

Вайсковая частка № 31802 (другая інжынерная брыгада Ўзброеных сіл Беларусі) дыслакуецца ў Мінску. У кампетэнцыю вайскоўцаў гэтай часткі ўваходзіць ачышчэнне мясцовасці ад выбуханебяспечных прадметаў і боепрыпасаў. На яе базе праводзяць шэраг мерапрыемстваў для дапрызыўнай моладзі.

У Беларусі навучальна-палявыя зборы, якія сёлета праходзяць у апошні тыдзень траўня і першы тыдзень чэрвеня ва ўсіх рэгіёнах краіны, сталі абавязковымі для вучняў 10 класаў.

Іх працягласць складзе 10 дзён, і школьнікі не могуць адмовіцца ад іх праходжання, паколькі яны з'яўляюцца часткай адукацыйнага працэсу.

«Без адзнакі, атрыманай па выніках навучальна-палявых збораў, дзіця не будзе атэставана ў навучальным прадмеце "дапрызыўная і медычная падрыхтоўка" за навучальны год», – паведаміла ў эфіры тэлеканалу СТВ намесніца камітэту па адукацыі Мінгарвыканкаму Вольга Смірнова.

Паводле яе, у выніку гэта можа быць падставай для таго, каб не пераводзіць вучня ў наступны выпускны клас.

Зборы будуць фінансаваць мясцовыя ўлады, у тым ліку і раённыя ўправы адукацыі.

яс