Беларуская Служба

Больш за мільён долараў укладуць у рамонт моста на дарозе да глухой вёскі. Яна знаходзіцца на мяжы з Украінай

29.05.2026 16:50
 Плануецца, што работы пачнуць у ліпені і завершаць да лютага 2027 года.
Мост праз Убарць у Лельчыцкім раёнеФотa: lelchitsy.info

Ужо больш за два месяцы «Гомельаблдарбуд» спрабуе знайсці выканаўцу работ па капітальным рамонце моста праз Убарць у Лельчыцкім раёне. Чарговы тэндар аб'яўлены на 1 чэрвеня, заўважыў «Флагшток».

Мост знаходзіцца паміж вёскамі Маркаўскае і Картынічы. У яго капрамонт гатовы ўкласці больш за 3,5 млн рублёў (звыш 1,2 млн долараў). Пры гэтым Картынічы, да якой вядзе дарога,  глухая маленькая вёска, крайняя кропка раёна, пасля якой цывілізацыя заканчваецца. Вакол  каналы, балоты, лясы.

Дакладна тут праходзіць памежная паласа беларуска-ўкраінскай мяжы. Дарэчы, менавіта ў Картынічах у 2024 годзе, як заяўлялі дзяржрэсурсы, была затрымана «дыверсійна-разведвальная група».

У выніку былі затрыманыя двое грамадзян Украіны  бацька і сын Сяргей і Павел Кабарчук, якіх назвалі агентамі СБУ.

Жалезабетонны мост, аб якім ідзе гаворка, мяркуецца пашырыць пры рамонце. Плануецца, што работы пачнуць у ліпені і завершаць да лютага 2027 года.

Ва ўкладаннях да тэндару пераблытаная дакументацыя  прымацаваныя файлы адносна іншага абʼекта, маста ў Брагінскім раёне, таксама паблізу мяжы з Украінай. Але патрэбную дакументацыю па мосце праз Убарць «Флагшток» знайшоў у папярэдніх закупках.

Цікава, што абодва масты запланавалі адрамантаваць яшчэ некалькі гадоў таму. У прыватнасці, рашэнне па мосце ў Лельчыцкім раёне было прынята ў снежні 2022 года.
яс