Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Больш за мільён долараў укладуць у рамонт моста на дарозе да глухой вёскі. Яна знаходзіцца на мяжы з Украінай

29.05.2026 16:50
 Плануецца, што работы пачнуць у ліпені і завершаць да лютага 2027 года.
Мост праз Убарць у Лельчыцкім раёнеФотa: lelchitsy.info

Ужо больш за два месяцы «Гомельаблдарбуд» спрабуе знайсці выканаўцу работ па капітальным рамонце моста праз Убарць у Лельчыцкім раёне. Чарговы тэндар аб'яўлены на 1 чэрвеня, заўважыў «Флагшток».

Мост знаходзіцца паміж вёскамі Маркаўскае і Картынічы. У яго капрамонт гатовы ўкласці больш за 3,5 млн рублёў (звыш 1,2 млн долараў). Пры гэтым Картынічы, да якой вядзе дарога, — глухая маленькая вёска, крайняя кропка раёна, пасля якой цывілізацыя заканчваецца. Вакол — каналы, балоты, лясы.

Дакладна тут праходзіць памежная паласа беларуска-ўкраінскай мяжы. Дарэчы, менавіта ў Картынічах у 2024 годзе, як заяўлялі дзяржрэсурсы, была затрымана «дыверсійна-разведвальная група».

У выніку былі затрыманыя двое грамадзян Украіны — бацька і сын Сяргей і Павел Кабарчук, якіх назвалі агентамі СБУ.

Жалезабетонны мост, аб якім ідзе гаворка, мяркуецца пашырыць пры рамонце. Плануецца, што работы пачнуць у ліпені і завершаць да лютага 2027 года.

Ва ўкладаннях да тэндару пераблытаная дакументацыя — прымацаваныя файлы адносна іншага абʼекта, маста ў Брагінскім раёне, таксама паблізу мяжы з Украінай. Але патрэбную дакументацыю па мосце праз Убарць «Флагшток» знайшоў у папярэдніх закупках.

Цікава, што абодва масты запланавалі адрамантаваць яшчэ некалькі гадоў таму. У прыватнасці, рашэнне па мосце ў Лельчыцкім раёне было прынята ў снежні 2022 года.
яс