Беларуская Служба

Святлана Ціханоўская: Абарона дзяцей — гэта не толькі пра бяспеку

01.06.2026 11:21
Лідарка беларускіх дэмакратычных сіл выказалася з нагоды Міжнароднага дня абароны дзяцей.
Ілюстрацыйнае фотаhttps://t.me/tsikhanouskaya

Святлана Ціханоўская зазначыла, што «для бацькоў няма нічога даражэйшага за дзяцей. Часта амаль усё, што мы робім, мы робім з думкай пра іх. Каб яны маглі расці, памыляцца, марыць. Каб у іх атрымалася тое, што не атрымалася ў нас.

Я мама двух дзяцей. І я ведаю адчуванне, калі глядзіш на дзяцей і думаеш: хай у вас будзе лепшае жыццё. Хай у вас будзе больш магчымасцяў. Няхай вы будзеце шчаслівейшыя за нас. Гэта, напэўна, самае натуральнае бацькоўскае жаданне».

Палітык нагадала, што рэчаіснасць у Беларусі зараз зусім іншая, дзе дзяцінства ўсё часцей азначае, што трэба вучыцца маўчаць і падпарадкоўвацца, бо рэжым бачыць у дзецях не асобаў са сваім характарам і марамі. Ён бачыць будучых «правільных» грамадзянаў.

Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што дзеці маюць права расці інакш. Вучыцца думаць крытычна і самастойна, задаваць пытанні, спрачацца, рабіць свой, няхай і няправільны выбар.

— Абарона дзяцей —  гэта не толькі пра бяспеку. Гэта пра права жыць удома, быць побач з бацькамі і роднымі. Права на свабоду задаваць нязручныя пытанні, спрачацца, памыляцца і марыць. На тое, каб расці ў краіне, дзе сапраўды можна насалоджвацца дзяцінствам і не баяцца. І гэта менавіта тое, за што мы змагаемся —  за лепшую будучыню для нашых дзяцей, —  зазначыла лідарка беларускіх дэмакратычных сіл.

Крыніца: Светлана Тихановская/юл