Беларуская Служба

Праваабаронцы і прафсаюзы заявілі пра крызіс працоўных правоў у Беларусі

02.06.2026 13:03
Сістэмны крызіс правоў чалавека ў працоўнай сферы Беларусі патрабуе неадкладнай і скаардынаванай міжнароднай рэакцыі, лічаць заяўнікі.
Ілюстрацыйны здымакFoto: vero_vig_050/Pixabay

Прадстаўнікі беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацый і незалежных прафсаюзаў, заявілі пра глыбокі і сістэмны крызіс правоў чалавека ў працоўнай сферы ў Рэспубліцы Беларусь.

- Сітуацыя, якая склалася, мае комплексны характар і закранае фундаментальныя працоўныя правы, гарантаваныя міжнародным правам, уключаючы свабоду аб’яднання, права на годную працу, забарону прымусовай працы і недыскрымінацыю, – чытаем у заяве.

Паводле ейных аўтараў, з 2004 года ўлады Беларусі сістэматычна ігнаруюць і не выконваюць Рэкамендацыі Камісіі па расследаванні Міжнароднай арганізацыі працы (МАП), накіраваныя на забеспячэнне свабоды аб’яднання, рэгістрацыю незалежных прафсаюзаў і ўхіленне перашкод для іх дзейнасці.

Яны таксама звяртаюць увагу, што Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) дэ-факта функцыянуе як элемент дзяржаўнай сістэмы кіравання і не забяспечвае сапраўдную абарону правоў і інтарэсаў работнікаў, а больш за 20 прафсаюзных лідараў і актывістаў у цяперашні час знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, звыш 50 – ужо адбылі пакаранне, застаючыся пры гэтым нерэабілітаванымі.

У гэтай сувязі аўтары заявы заклікалі дзяржавы-члены, агенцтвы сістэмы ААН, МАП, іншыя міжнародныя арганізацыі, а таксама бізнес, між іншым:

- ужываць скаардынаваныя меры для забеспячэння выканання Беларуссю сваіх міжнародных абавязацельстваў у сферы працоўных адносін;

- дамагацца поўнага прызнання ўрадам Беларусі мандата ўсіх праваабарончых механізмаў ААН, у тым ліку Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, Групы незалежных экспертаў па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі і Спецыяльнага пасланніка МАП па Беларусі;

- дамагацца неадкладнага вызвалення ўсіх прафсаюзных лідараў і актывістаў і спынення пераследу работнікаў па палітычных матывах;

- спрыяць аднаўленню свабоды аб’яднання і стварэнню ўмоў для функцыянавання незалежных прафсаюзаў у Беларусі.

Падпісанты заявы лічаць, што сістэмны крызіс правоў чалавека ў працоўнай сферы Беларусі патрабуе неадкладнай і скаардынаванай міжнароднай рэакцыі. Без аднаўлення незалежных прафсаюзаў немагчыма забяспечыць ні годную працу, ні ўстойлівае развіццё.

аз

Палітвязня Кірылу Ашурка асудзілі за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі

28.05.2026 13:30
Праваабаронцы паведамляюць пра тое, што адбываецца з палітвязнем Кірылам Ашуркам у зняволенні.