Беларуская Служба

Эксперты ААН заклікалі беларускія ўлады забяспечыць палітвязням незалежную медычную дапамогу

03.06.2026 14:02
Спецдакладчыкі ААН па правах чалавека выказалі сурʼёзную занепакоенасць у сувязі з утрыманнем пад вартай, меркаваным жорсткім абыходжаннем і адмовай у належнай медычнай дапамогі шэрагу палітзняволеных у Беларусі.
Ілюстрацыйнае фотаReuters

Гаворка ідзе пра Сцяпана Латыпава, які хварэў на цынгу і здзейсніў некалькі спробаў суіцыду, Вольгу Маёраву, якая амаль згубіла зрок у калоніі, Ягора Волкава, у якога значна пагоршылася здароўе ў няволі, і Вячаслава Арэшку, які аслеп у калоніі, паведамляе ПЦ «Вясна».

Таксама спецдакладчыкі звярнулі ўвагу на жорсткае абыходжанне падчас допытаў і адзіночную ізаляцыю палітзняволенай Аляксандры Пуліновіч і выпадак пераследу за культурніцкую дзейнасць Сяргея Салаша.

Юрыстка «Вясны» Святлана Галаўнёва, якая рыхтавала звароты ў ААН, пракаментавала прэс-рэліз Спецдакладчыкаў.

— «Вясна» робіць шмат намаганняў па спыненні пераследу супраць палітзняволеных, асабліва тых, хто знаходзіцца ў найбольш уразлівым стане праз стан здароўя, узрост і іншыя акалічнасці. Гэтая праца ўключае дакументаванне парушэнняў правоў чалавека, збор і аналіз інфармацыі аб становішчы палітычных зняволеных, падрыхтоўку зваротаў у міжнародныя механізмы абароны правоў чалавека і ўзаемадзеянне інстытуцыямі ААН.

Праваабаронца зазначыла, што працягваецца праца па асвятленні парушэння правоў палітзняволеных у Беларусі, каб яны не заставаліся па-за ўвагай міжнароднай супольнасці.

Крыніца: ПЦ «Вясна»/юл