— Беларусь — гэта не проста частка сённяшняй рэгіянальнай праблемы, а гэта прынцыповая і неадʼемная частка вырашэння самой праблемы. Таму Беларусь павінна знаходзіцца ў фокусе ў тым ліку і тых размоў, што ідуць адносна міру ва Украіне, — адзначыў намеснік кіраўніка Пераходнага кабінета, дэлегат Каардынацыйнай рады Павел Латушка падчас свайго выступу на круглым сале «Беларуская культура 404» у межах II Касцюшкаўскага форуму, які праходзіць у Гданьску. — Я чую вельмі часта галасы, што не варта займацца Беларуссю, пакуль не змянілася сітуацыя ў Расіі. І я абсалютна не згодны з гэтым падыходам. Гэта, калі хочаце, імперскі падыход і погляд у інтарэсах Расіі. Гэта зноў спроба пакінуць Беларусь і беларускі народ у адзіным кошыку з Расійскай Федэрацыяй. Калі мы кажам, што ўсё залежыць ад Расіі, гэта фактычна пазбаўленне субʼектнасці беларускага народу. І я, як беларус, на гэта ніколі не пагаджуся, — заявіў Павел Латушка.
Палітык зазначыў, што беларускія дэмакратычныя сілы прапануюць стратэгію нацыянальнага дыялогу. Інструментам рэалізацыі гэтага нацыянальнага дыялогу яны бачаць круглы стол. Павал Латушка звярнуўся да еўрапейскіх партнёраў з заклікам не вырашаць лёс Беларусі без беларускіх дэмакратычных сіл.
— Нічога пра нас без нас. Кожны паляк ведае гэтыя словы, і, я думаю, для кожнага паляка яны важныя. І для нас таксама важныя. Каб лёс беларусаў не вырашаўся па-над нашымі галовамі ў прамой камунікацыі з Лукашэнкам. Важна вельмі моцна даносіць тэзіс да Лукашэнкі — калі ён хоча нейкіх зменаў у палітыцы Еўрапейскага Саюзу, ён у першую чаргу павінен сесці за стол перамоваў з беларускім грамадствам, з дэмакратычнымі сіламі, з грамадзянскай супольнасцю.
Палітык дадаў, што стратэгія дыялогу прынята Абʼяднаным Пераходным Кабінетам, і будзе вынесеная на галасаванне на адным з першых пасяджэнняў Каардынацыйнай Рады.
Крыніца: Павал Латушка/юл