Экc-палітвязень, грамадскі і палітычны дзеяч Павел Севярынец у пятніцу правядзе прэзентацыю сваёй кнігі «Беларусь — гэта святое».
— Лондан. У Брытанскім парламенце — вялікая міжнародная канферэнцыя па Беларусі. А заўтра — сустрэча з беларускай дыяспарай і прэзентацыя кнігі «Беларусь — гэта святое», — напісаў ён у сваім акаўнце ў «Фэйсбуку».
Спатканне адбудзецца 5 чэрвеня ў 18:30 у Скарынаўскай бібліятэцы (37 Holden Rd N12 8HS, станцыя метро Woodside Park).
«Беларусь — гэта святое» — першая пасля турмы кніга Паўла Севярынца, зборнік-сведчанне, створаны за кратамі. У кнізе 71 малюнак беларускіх храмаў — Севярынец маляваў іх для свайго сына Францішка, — выслоўі і вершы, большасць з якіх публікуецца ўпершыню.
Кнігу можна будзе атрымаць на прэзентацыі з аўтографам аўтара.
Арганізатарам сустрэчы з'яўляюцца Скарынаўская бібліятэка і Згуртаванне беларусаў у Вялікабрытаніі.
вс