Міжпарламенцкі альянс «За дэмакратычную Беларусь» — гэта аб'яднанне 300 парламентарыяў з 25 краін у падтрымку дэмакратычных змен у Беларусі. Дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька заявіў, што ў Еўропе разумеюць важнасць незалежнай еўрапейскай Беларусі.
— Сам факт існавання Альянсу і сустрэчы ў парламенце Вялікабрытаніі станоўча ўспрымаюць тыя, для каго незалежная еўрапейская Беларусь — нешта большае за кавалак хлеба. У гэтай часткі грамадства ёсць разуменне: калі Беларусі няма ў міжнароднай павестцы, мы знікнем у Расіі.
Палітык патлумачыў, што такія сустрэчы дазваляюць дзяліцца лепшымі практыкамі працы па беларускім напрамку. Літоўскія парламентарыі распавядаюць, чаму важна не ўраўноўваць беларусаў і расіян у прававым полі. Іспанскія — як парламент можа лабіяваць рашэнні накшталт прадаўжэння дзеяння пратэрмінаваных беларускіх пашпартоў. Прадстаўнікі Еўрапарламента дзеляцца досведам таго, як уздымаць пытанне палітвязняў і аказваць ціск для іх вызвалення.
— Гэта практычная праца, якая дапамагае трымаць Беларусь у цэнтры ўвагі і шукаць новыя рашэнні для падтрымкі беларусаў, — перакананы Анатоль Лябедзька.
Крыніца: Светлана Тихановская/юл