62-гадовая грамадзянка Украіны Наталля Баташава ўжо амаль год знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна ў Мінску. За гэты час ёй не высунулі абвінавачання, не дазволілі сустрэцца з адвакатам і не далі звязацца з роднымі, паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».
Жанчыну затрымалі 23 чэрвеня 2025 года ў Віцебску разам з мужам. Затрыманне адбылося проста на вуліцы, пасля гэтага сямейную пару перавезлі ў Мінск.
Наталля Баташава родам з украінскага Міргарада, да затрымання працавала бухгалтаркай у школе. Паводле былой сукамерніцы, яе муж — грамадзянін Беларусі і былы вайсковец, які працяглы час жыў ва Украіне. Пра яго месцазнаходжанне дагэтуль нічога не вядома.
Як сцвярджаюць праваабаронцы, увесь час украінку ўтрымліваюць у ІЧУ без афіцыйна высунутага абвінавачання. Ёй таксама не дазваляюць сустракацца з адвакатам і падтрымліваць сувязь з роднымі.
Былая сукамерніца расказала «Вясне», што за час зняволення ў жанчыны істотна пагоршыўся стан здароўя. Так, у траўні Наталля перанесла некалькі цяжкіх прыступаў тахікардыі, а таксама пакутавала ад моцнага кашлю і запалення лімфатычных вузлоў. Пры гэтым неабходнай медыцынскай дапамогі ёй не аказвалі.
Акрамя таго, сілавікі забралі ў жанчыны 1 тыс. 200 долараў, патлумачыўшы гэта аплатай утрымання ў ізалятары. Адначасова ёй нібыта абяцалі дэпартацыю ва Украіну.
Былая сукамерніца сцвярджае, што Наталля спрабавала перадаць інфармацыю пра сваё месцазнаходжанне родным, якія лічылі яе зніклай.
З-за адсутнасці сваякоў у Беларусі жанчына амаль не атрымлівае перадач. За год, паводле суразмоўцы праваабаронцаў, іх было толькі двух. Сродкамі гігіены і вопраткай ёй дапамагалі іншыя зняволеныя.
У паведамленні «Вясны» адзначаецца, што ў камеры плошчай каля 24 кв. метраў, разлічанай на пяць чалавек, часам знаходзілася да 12-ці жанчын. Сярод іх былі як замежныя грамадзянкі, якія чакалі дэпартацыі, так і беларускія палітычныя зняволеныя.
Праваабаронцы звяртаюць увагу, што працяглае ўтрыманне чалавека ў ІЧУ без высунутага абвінавачання, доступу да адваката і магчымасці кантактаваць з роднымі пярэчыць як беларускаму заканадаўству, так і міжнародным стандартам абыходжання з затрыманымі.
вс