Беларуская Служба

Праваабаронцы паведамілі аб павелічэнні колькасці палітвязняў, якія знаходзяцца ў асаблівай рызыцы

09.06.2026 08:53
Найстарэйшы палітвязень — 77-гадовы Міхаіл Ляпейка з Магілёва, накіраваны на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычны шпіталь.
 .
Ілюстрацыйнае фота. Shutterstock/Fanni_2021

У Беларусі не менш за 173 палітвязні знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы. Пра гэта паведаміў Праваабарончы цэнтр «Вясна». Раней праваабаронцы называлі лічбу 168 чалавек.

У гэтую катэгорыю ўваходзяць людзі з цяжкімі захворваннямі, інваліднасцю, асобы сталага ўзросту, а таксама тыя, хто знаходзіцца на прымусовым псіхіятрычным лячэнні. Сярод іх — не менш за 60 вязняў з сур’ёзнымі праблемамі здароўя, восем чалавек з інваліднасцю і 30 палітвязняў старэйшых за 60 гадоў. Асобна адзначаюцца людзі, якіх утрымліваюць у рэжыме інкамунікада або не вызваляюць пасля заканчэння тэрміну пакарання.

Найстарэйшы палітвязень — 77-гадовы Міхаіл Ляпейка з Магілёва, накіраваны на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычны шпіталь.

Юрыст «Вясны» Павал Сапелка падкрэслівае, што вызваленне цяжкахворых палітвязняў павінна адбыцца неадкладна і не можа быць прадметам палітычных маніпуляцый. Паводле яго, гэта неабходны крок для захавання жыццяў людзей і пачатку сапраўднага нацыянальнага прымірэння.

эж