Беларуская Служба

Шведскія журналісты: беларуская кампанія Jenty абыходзіць санкцыі ЕС праз фірму ў Польшчы

10.06.2026 14:03
Расследаванне пачалося пасля смяротнай аварыі ў Швецыі ў студзені, калі грузавік з лагатыпам Jenty перавозіў прадукцыю фармацэўтычнага гіганта AstraZeneca.
Ілюстрацыя Фота: Shutterstock/ Andrzej Rostek

Беларуская транспартная кампанія Jenty, нягледзячы на санкцыі Еўрасаюза, працягвае працаваць на еўрапейскім рынку праз звязаныя з ёй структуры ў Польшчы і Казахстане. Пра гэта паведамляе шведскі грамадскі вяшчальнік SVT у сумесным расследаванні з польскім праектам Frontstory і беларускім выданнем Biuro Media.

Расследаванне пачалося пасля смяротнай аварыі ў Швецыі ў студзені, калі грузавік з лагатыпам Jenty перавозіў прадукцыю фармацэўтычнага гіганта AstraZeneca. Афіцыйна перавозку ажыццяўляла польская кампанія DSPL, а паўпрычэп належаў казахстанскай фірме Technobel.

Аднак журналісты выявілі шэраг сувязяў паміж усімі трыма кампаніямі. Паводле расследавання, DSPL была створана дзякуючы пазыцы ў 8 млн еўра ад Technobel, а кіраўнікі і супрацоўнікі кампаній звязаныя паміж сабой. Некаторыя работнікі нават адкрыта называлі DSPL часткай групы Jenty.

Эксперт Шведскага інстытута абаронных даследаванняў Эміль Ванхедэн адзначыў, што гаворка можа ісці пра схему абыходу еўрапейскіх санкцый, накладзеных на Беларусь.

Кампанію Jenty заснаваў у 1992 годзе беларускі бізнесмен Васіль Смятанін. Паводле SVT, яна мае бізнес-структуры ў Беларусі, Расіі, Кітаі, Казахстане і іншых краінах.

pap/эж