Лідарка дэмакратычных сіл Беларусі Святлана Ціханоўская паведаміла, што адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа праінфармавала беларускую апазіцыю пра часовую затрымку ў перамовах наконт вызвалення новых палітвязняў. Пра гэта яна заявіла ў інтэрв’ю агенцтву Reuters.
Паводле Ціханоўскай, амерыканскі бок паведаміў, што наступныя вызваленні «на пэўны час адкладзеныя», аднак прычыны такой паўзы палітык не назвала.
— Ведаючы прычыну, гэта мяне не турбуе. Так, мы хочам, каб як мага больш людзей выйшлі на волю як мага хутчэй, але гэта не канец працэсу, — сказала Ціханоўская.
Reuters адзначае, што гэта першае публічнае пацверджанне запаволення перамоў, якія ад імя ЗША вядзе спецпасланнік Джон Коўл. Паводле інфармацыі агенцтва, дзякуючы гэтым кантактам у Беларусі ўжо былі вызваленыя больш за 400 чалавек.
Паводле праваабарончага цэнтра «Вясна», за кратамі ўсё яшчэ застаюцца каля 870 палітвязняў, з якіх не менш за 170 знаходзяцца ў асабліва ўразлівым становішчы.
эж