Беларуская Служба

Сям’ю з Мінска асудзілі за «здраду дзяржаве» і «кантрабанду зброі»

11.06.2026 18:28
Мужа і жонку прыгаварылі да 12 і 14 гадоў пазбаўлення свабоды, іх дачку — да 11 гадоў завочна.  
Ілюстрацыяфота: ilikeyellow/shutterstock

Мінскі гарадкі суд 10 чэрвеня вынес прысуд сям’і з Мінску: Таццяне Корсакавай, яе мужу Дзмітрыю Корсакаву, а таксама іх дачцэ – Пелагеі Корсакавай (яе пакаралі завочна 11 гадамі пазбаўлення свабоды).

Як паведаміла выданне «Салідарнасць», Дзмітрыю і Таццяне прысудзілі 14 і 12 гадоў зняволення адпаведна, а таксама штраф у памеры 50 тыс. рублёў, інфармуе Радыё «Свабода».

Дзмітрыя і Таццяну Карсаковых абвінавацілі паводле ч. 1 артыкулу 356 (здрада дзяржаве), ч. 4 артыкулу 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) і ч. 3 артыкулу 333-1 Крымінальнага кодэксу (незаконнае перамяшчэнне праз мяжу атрутных рэчываў, агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў).

Пелагею прызналі вінаватай паводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве). Як яна паведаміла выданню, аб пераследзе ёй летась паведаміў бацька.

— Мне патэлефанаваў тата і вымавіў страшны тэкст: «Мяне затрымалі, мама трапіла з інсультам у бальніцу, прыязджай, усё вельмі дрэнна«. Пасля слухаўку ўзяў нехта, хто не прадставіўся, і працягнуў: «Вашыя бацькі затрыманыя, калі вы хочаце, каб мы іх адпусцілі, вы павінны прыехаць«. То бок іх канкрэтна ўзялі ў закладнікі і нават не хавалі гэтага. Пасля я даведалася, што мама насамрэч не трапляла ў бальніцу, гэта была жахлівая маніпуляцыя», – расказала Пелагея.

Паводле яе, бацькоў проста выкралі з дому, калі маці вярнулася з працы. «Правялі вобшук, усё перавярнулі, канфіскавалі тэхніку, забралі флэшкі з камеры, усталяванай у кватэры», – адзначыла дзяўчына. Яна выехала з Беларусі ў 2021 годзе і цяпер знаходзіцца ва Украіне.

вс