Беларуская Служба

Хакеры, звязаныя з Беларуссю, шпіёняць за дзяржструктурамі Польшчы, Украіны і Літвы

11.06.2026 19:27
FrostyNeighbor — адна з самых актыўных кібершпіёнскіх арганізацый ва Усходняй Еўропе.
ХакерShutterstock/Gorodenkoff

Хакерская групоўка FrostyNeighbor, звязаная з Беларуссю, шпіёніць супраць дзяржаўных установаў Украіны з сакавіка 2026 года. Пра гэта паведамляе міжнародная кампанія кібербяспекі ESET у новым даследаванні, заўважыў REFORM.news.

Групоўка FrostyNeighbor таксама вядомая як Ghostwriter і UNC1151. Паводле кампаніі, гэта адна з самых актыўных кібершпіёнскіх арганізацый ва Усходняй Еўропе. Мішэнямі FrostyNeighbor з’яўляюцца дзяржустановы, вайсковыя структуры і стратэгічна важныя галіны, часта ва Украіне, Польшчы і Літве, паведамляе «Белсат».

Цяпер FrostyNeighbor рассылае фішынгавыя лісты з прымацаванымі PDF-файламі. У адным з дакументаў нібыта было апавяшчэнне ад украінскага аператара сувязі «Укртэлекам». У файле была спасылка, якая быццам вяла да афіцыйнага дакумента.

Далей, калі зламыснікі вызначаюць, што IP-адрас карыстальніка ўкраінскі, ахвяры адпраўляецца архіў са шкодным JavaScript-файлам. Пасля запуску скрыпт паказвае карыстальніку легітымны дакумент, адначасова ўсталёўваючы наступную стадыю заражэння — загрузнік PicassoLoader. Ён збірае інфармацыю пра сістэму, уключна з імем карыстальніка, назвай камп'ютара, версіяй аперацыйнай сістэмы, часам загрузкі прылады і спісам запушчаных працэсаў. Гэтыя звесткі рэгулярна адпраўляюцца на сервер зламыснікаў.

Згодна з ESET, групоўка ў выніку праверкі вырашае, ці цікавіць іх ахвяра. Калі так, то на яе кампʼютар можа быць дастаўлены наступны кампанент атакі  інструмент на базе Cobalt Strike, які дазваляе атрымаць аддалены кантроль над сістэмай і выкарыстоўваць яе для шпіянажу.

ESET падкрэслівае, што FrostyNeighbor пастаянна ўдасканальвае метады атакаў. Новая схема сведчыць пра высокі ўзровень падрыхтоўкі. На думку кампаніі, дзейнасць FrostyNeighbor пацвярджае захаванне цікавасці кібергрупаў, звязаных з Беларуссю, да дзяржаўных структураў і стратэгічных абʼектаў у краінах Усходняй Еўропы.

вс