Беларуская Служба

Візы для беларусаў і іх сваякоў, падтрымка дыяспары: вынікі візіту Святланы Ціханоўскай у Прагу

12.06.2026 12:45
Офіс дэмакратычных сіл Беларусі паведаміў пра завяршэнне візіту старшыні Пераходнага кабінета дэмакратычных сіл Святланы Ціханоўскай у Прагу.
Сустрэча з прэзідэнтам Чэхіі Петрам Павелам@tsikhanouskaya

За гэтыя дні беларуская лідарка сустрэлася з прэзідэнтам Чэхіі Петрам Павелам, з міністрам замежных справаў Чэхіі Пэтрам Мацінкам.

Ціханоўская выступіла ў Сенаце Чэхіі, сустрэлася са старшынём Сената Мілашам Выстрчылам і сенатарамі, а таксама абмеркавала праект мемарандума аб супрацы.

Таксама старшыня Пераходнага кабінета сустрэлася з беларускімі арганізацыямі Чэхіі, сустрэлася з мэрам Прагі Багуславам Свободам ды ўзяла ўдзел у публічнай дыскусіі ў Бібліятэцы Вацлава Гавела.

Адным з важных практычных вынікаў стала рашэнне па візах для беларусаў. Міністр замежных справаў Чэхіі Пэтр Мацінка пацвердзіў, што па выніках папярэдняй сустрэчы са Святланай Ціханоўскай прынята рашэнне аб спрашчэнні візавага рэжыму і выдачу візаў сваякам беларусаў, якія пражываюць у Чэхіі.

Падчас сустрэч таксама гаварылі пра палітвязняў, падтрымку рэпрэсаваных беларусаў і беларускай супольнасці ў Чэхіі, дапамогу незалежным медыя і грамадзянскай супольнасці, ціск на рэжым, міжнародную адказнасць Лукашэнкі, бяспеку рэгіёну і неабходнасць трымаць Беларусь у чэшскім і еўрапейскім парадку дня.

Асобна абмеркавалі падтрымку Офіса дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы і магчымасць далучэння Чэхіі да Міжнароднага гуманітарнага фонду, прызначэнне асобнага спецпасланніка па супрацоўніцтве з дэмакратычнымі сіламі Беларусі і развіццё парламенцкай супрацы.

Крыніца: Светлана Тихановская/юл