Беларуская Служба

Святлана Ціханоўская атрымала ў Польшчы Міжнародную прэмію караля Эрыка Паморскага

15.06.2026 17:23
Падчас цырымоніі беларуская дэмакратычная лідарка прысвяціла ўзнагароду беларусам, якія працягваюць змагацца за свабоду ва ўмовах рэпрэсій.
.
С. Ціханоўскаяфота: Ф.Вячорка

У польскім Дарлове Святлане Ціханоўскай уручылі Міжнародную прэмію Караля Эрыка Паморскага — прэстыжную еўрапейскую ўзнагароду за ўклад у развіццё дэмакратыі, міру і супрацоўніцтва паміж народамі. 

Прэмія носіць імя Эрыка Паморскага  караля Даніі, Швецыі і Нарвегіі, які лічыцца адным з сімвалаў еднасці і супрацоўніцтва ў Балтыйскім рэгіёне. Яе заснавальнікі адзначаюць, што ўзнагарода натхнёная ідэяй Прэміі Карла Вялікага ў Ахене — адной з найбольш аўтарытэтных еўрапейскіх узнагарод за ўклад у развіццё еўрапейскай інтэграцыі.

Падчас цырымоніі Ціханоўская падкрэсліла, што лічыць узнагароду прызнаннем не толькі ўласнай дзейнасці, але і намаганняў усіх беларусаў, якія працягваюць супраціўленне.

— Нягледзячы на тое, што на гэтым дыпломе напісанае маё імя і прозвішча, я хацела б прысвяціць гэтую ўзнагароду тысячам беларусаў, якія ўвесь час змагаюцца за свабоду, не зважаючы на страх, рэпрэсіі і выгнанне. Некаторыя вядуць сваю барацьбу ў падполлі, некаторыя дапамагаюць нам, перадаючы інфармацыю, некаторыя дапамагаюць палітвязням і іхным сем’ям, некаторыя — змагаюцца за Украіну, некаторыя — прасоўваюць беларускую мову і культуру, і сёння гэта таксама форма супраціву, — сказала яна.

Таксама дэмакратычная лідарка заклікала Польшчу заставацца вернай прынцыпам падтрымкі свабоды і дэмакратыі, працягваць падтрымліваць Украіну і Беларусь і не паддавацца на шантаж з боку аўтарытарных рэжымаў.

Паводле яе слоў, міжнародная супольнасць павінна захоўваць жорсткія санкцыі супраць беларускага рэжыму да таго часу, пакуль не будуць вызваленыя ўсе палітычныя зняволеныя, не спыняюцца рэпрэсіі і Беларусь не перастане быць часткай расійскай вайны супраць Украіны.

Прэмія караля Эрыка Паморскага лічыцца важным сімвалам падтрымкі людзей, якія адстойваюць свабоду, чалавечую годнасць і супрацоўніцтва паміж народамі, а таксама працуюць дзеля ўмацавання дэмакратычных каштоўнасцяў у Еўропе.

Прэмія ўручаецца асобам, якія сваёй дзейнасцю спрыяюць умацаванню дэмакратыі, правоў чалавека, еўрапейскіх каштоўнасцяў і міжнароднага супрацоўніцтва. У розныя гады яе лаўрэатамі станавіліся былы старшыня Еўрапейскага парламента і прэм'ер-міністр Польшчы Ежы Бузэк, былы прэзідэнт Польшчы Аляксандр Кваснеўскі, былы старшыня Еўрапейскай камісіі Рамана Продзі і былая віцэ-прэзідэнтка Еўрапейскай камісіі Вера Юрава.

Белсат/ав