Беларуская Служба

НАТА праводзіць маштабныя вучэнні ў Сувалкскім калідоры

16.06.2026 12:12
Іх галоўная мэта — скаардынаваць дзеянні саюзных сіл і павысіць узровень баявой гатоўнасці.
  ()
Польскія дэсантнікі (ілюстрацыя)PAP/Wiktor Dąbkowski

Літва, Польшча і Францыя 16 чэрвеня пачалі сумесныя вучэнні НАТА Gallant Boar 2026 каля Сувалкскага калідора — стратэгічна важнага ўчастка на мяжы Польшчы і Літвы. Пра гэта паведамляе агенцтва LETA са спасылкай на Літоўскае войска.

Манеўры працягнуцца да 26 чэрвеня. Іх галоўная мэта — скаардынаваць дзеянні саюзных сіл і павысіць узровень баявой гатоўнасці. Паводле паведамлення літоўскага боку, падчас вучэнняў вайскоўцы будуць удасканальваць навыкі, неабходныя для хуткай і эфектыўнай абароны гэтага геаграфічна важнага рэгіёна.

Колькасць удзельнікаў ад кожнай краіны не раскрываецца. Аднак мясцовых жыхароў загадзя папярэдзілі пра інтэнсіўнае перамяшчэнне ваеннай тэхнікі па дарогах агульнага карыстання.

Сувалкскі калідор — вузкая паласа сушы працягласцю каля 65 кіламетраў, якая злучае краіны Балтыі з астатняй тэрыторыяй НАТА. На захад ад яго знаходзіцца Калінінградская вобласць Расіі, на ўсход — Беларусь, блізкі саюзнік Крамля. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны краіны Альянсу значна ўзмацнілі ўвагу да бяспекі свайго ўсходняга флангу.

эж