Літва выказала Мінску рашучы пратэст пасля таго, як Вярхоўны суд Беларусі прызнаў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, які працуе ў Вільні, «экстрэмісцкай арганізацыяй». Пра гэта паведамляе Reform.news са спасылкай на заяву Міністэрства замежных спраў Літвы.
У Вільні назвалі гэтае рашэнне палітычна матываваным, беспадстаўным і такім, што супярэчыць прынцыпам міжнароднага права і парушае суверэнітэт Літоўскай Рэспублікі. Літоўскі бок падкрэсліў, што гэта беспрэцэдэнтны выпадак, калі вышэйшую навучальную ўстанову, якая законна дзейнічае ў іншай дзяржаве, абвяшчаюць «экстрэмісцкай арганізацыяй».
Літва патрабуе неадкладна адмяніць гэтае рашэнне і папярэджвае, што яно яшчэ больш ускладніць беларуска-літоўскія адносіны. Наступствы гэтых дзеянняў будуць ацэненыя як на нацыянальным узроўні, так і ў межах Еўрапейскага саюза для прыняцця далейшых палітычных і дыпламатычных захадаў.
Раней у Беларусі пачаліся ператрусы ў студэнтаў, выпускнікоў і іншых асобаў, звязаных з ЕГУ.
эж