Спецыяльны дакладчык ААН па Беларусі Нілс Муйжніекс заявіў, што рэпрэсіі ў краіне выйшлі далёка за межы пераследу палітычных апанентаў і набылі сістэмны характар. Пра гэта паведамляе «Радыё Свабода» са спасылкай на новы даклад аб становішчы з правамі чалавека ў Беларусі.
У дакуменце, які ахоплівае перыяд з 1 красавіка 2025-га па 31 сакавіка 2026 года, адзначаецца, што ўлады ажыццяўляюць кантроль над культурнай прасторай, адукацыяй, выкарыстаннем мовы і гістарычнай памяццю. Аўтары дакладу падкрэсліваюць, што беларуская нацыянальная ідэнтычнасць і беларуская мова ўсё часцей успрымаюцца як прыкметы палітычнай нелаяльнасці.
Асобную занепакоенасць у ААН выклікае пераслед дзеячаў культуры, прызнанне незалежных ініцыятыў «экстрэмісцкімі фармаваннямі», ціск на журналістаў, прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў і рэлігійныя супольнасці.
Спецыяльны дакладчык заклікаў беларускія ўлады спыніць выкарыстанне «антыэкстрэмісцкага» заканадаўства для абмежавання свабоды выказвання, культурных і рэлігійных правоў, а таксама гарантаваць магчымасць навучання і ўдзелу ў грамадскім жыцці на беларускай мове без дыскрымінацыі. Даклад разгледзяць на 62-й сесіі Рады правоў чалавека ААН.
эж