Беларуская Служба

Украінскі дыпламат: Лукашэнка змякчыў рыторыку ў дачыненні да Украіны, усвядоміўшы наступствы сваіх пагроз

16.06.2026 16:44
На пазіцыю Лукашэнкі маглі паўплываць сігналы Кіева, агучаныя праз візіт Святланы Ціханоўскай, а таксама заявы прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага і кіраўніка МЗС Андрэя Сыбігі. 
Аляксандр Лукашэнкафота: Drop of Light/shutterstock

Дыктатар Беларусі Аляксандр Лукашэнка змякчыў свае выказванні адносна Украіны пасля таго, як зразумеў магчымыя наступствы ранейшай агрэсіўнай рыторыкі. Такое меркаванне ў інтэрв'ю агенцтву «Укрінформ» выказаў пасол па асаблівых даручэннях МЗС Украіны Яраслаў Чарнагор, які адказвае за сувязі з беларускімі дэмакратычнымі сіламі.

На думку дыпламата, на пазіцыю Лукашэнкі маглі паўплываць сігналы Кіева, агучаныя праз візіт Святланы Ціханоўскай, а таксама заявы прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага і кіраўніка МЗС Андрэя Сыбігі. Чарнагор лічыць, што кіраўнік Беларусі ўсвядоміў: пагрозы на адрас Украіны могуць мець рэальныя наступствы, таму і вырашыў знізіць градус напружанасці.

Разам з тым украінскі дыпламат заклікаў не давяраць заявам Лукашэнкі пра нежаданне ваяваць. Паводле яго, самастойнасць Беларусі істотна абмежаваная ўплывам Расіі, і ў выпадку адпаведнага рашэння Крамля беларускія вайскоўцы могуць быць уцягнутыя ў канфлікт.

Чарнагор падкрэсліў, што для рэжыму Лукашэнкі ўдзел у вайне стаў бы «палітычным або нават фізічным самагубствам», аднак Украіна гатовая нейтралізаваць любую пагрозу са сваёй паўночнай мяжы.

Нядаўна ў інтэрв'ю тэлеканалу Al Arabiya English Лукашэнка заявіў, што не хоча канфлікту з Украінай.

эж