— Маё сэрца з усімі пацярпеўшымі і іх роднымі. Дзеці і дарослыя, што былі побач з імі, — невінаватыя ахвяры, — пракаментавала Святлана Ціханоўская ў сваім Telegram-канале ўдар беспілотнікам па аўтобусе з беларускімі юнымі футбалістамі ў Бранскай вобласці.
Лідарка беларускіх дэмсіл нагадала, што гэтую вайну распачала Расія і гэта яна нясе галоўную адказнасць за кожную смерць і кожнае раненне, звязаныя з гэтай вайной. Усё ж, паводле Ціханоўскай, гэта не апраўдае тых прадстаўнікоў дзяржавы, хто безадказна адправіў дзяцей праз прыгранічную зону ваенных дзеянняў.
— Гэта не «выпадковасць», а канкрэтнае рашэнне канкрэтных людзей пры ўладзе, якія абыякава аднесліся да таго, як дзеці патрапяць на адпачынак. І вінаватая беларуская дзяржаўная прапаганда, якая гадамі замоўчвае праўду пра вайну і саўдзел у ёй рэжыму Лукашэнкі, каб стварыць фэйкавую карцінку «мірнага неба» і бяспекі, — дадала Святлана Ціханоўская і заклікала суайчыннікаў у Беларусі. — Я заклікаю вас: беражыце сябе і сваіх блізкіх. Не рызыкуйце жыццём — не едзьце ў Расію, якая вядзе злачынную і несправядлівую вайну. Бяспека надыдзе толькі тады, калі Расія спыніць гэтую вайну, — дадала дэмакратычная лідарка Беларусі.
аз