Беларуская Служба

Суд ЕС пакінуў у сіле санкцыі супраць «Беларуськалію» і Беларускай калійнай кампаніі

19.06.2026 14:41
   .
Другое рудаўпраўленне кампаніі «Беларуськалій».commons.wikimedia.org/Homoatrox/CC BY-SA 4.0

Суд ЕЗ адхіліў скаргі «Беларуськалію», былога кіраўніка прадпрыемства Івана Галаватага і Беларускай калійнай кампаніі ды пакінуў санкцыі ў сіле. Інстанцыя прыйшла да высновы, што рэжым Лукашэнкі — не абстрактнае азначэнне, і што экспарт угнаенняў падтрымлівае гэты рэжым, паведамляе «Белсат».

Суд таксама прызнаў здушэннем грамадзянскай супольнасці рэпрэсіі супраць работнікаў «Беларуськалію», якія бралі ўдзел у забастоўцы і мірных акцыях у 2020 годзе. Людзей звальнялі і пазбаўлялі прэміяў, а Лукашэнка публічна пагражаў замяніць беларускіх шахцёраў украінскімі.

Што да Галаватага, то ён кіраваў стратэгічна важным для эканомікі прадпрыемствам, быў у Савеце Рэспублікі, займаў іншыя дзяржаўныя пасады, і гэта сведчыць пра ягоную блізкасць да ўладаў і падтрымку рэжыму, упэўнены суд. Акрамя таго, ён адказны за пераслед шахцёраў.

Беларуская калійная кампанія ў сваю чаргу карысталася дзяржаўнымі прэферэнцыямі і спрыяла паступленню валюты ад экспарту ўгнаенняў, прыйшоў да высновы Суд ЕС.

Інстанцыя адзначыла, што абмежаванні супраць калійнай галіны Беларусі «накіраваныя на ўзмацненне ціску на ўлады ў сувязі з парушэннем правоў чалавека і падтрымкай расійскай агрэсіі супраць Украіны».

— Рашэнне Суда ЕС — важны прэцэдэнт. Спроба аспрэчыць такія паняцці, як «падтрымка рэжыму Лукашэнкі«, правалілася. Суд пацвердзіў: калі буйны бізнес корміць дыктатуру і душыць пратэсты ўласных рабочых, то еўрапейскія санкцыі супраць яго — абсалютна законныя, апраўданыя і прапарцыйныя. Рашэнне канчатковае і абскарджанню не падлягае, — пракаментаваў намеснік кіраўніцы Пераходнага кабінету Павел Латушка.

вс