Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі працягнуў жорсткую рыторыку ў адрас афіцыйнага Мінска. 20 чэрвеня ён заявіў, што Украіна ведае пра чатыры рэтранслятары на тэрыторыі Беларусі, якія, паводле Кіева, выкарыстоўваюцца для навядзення расійскіх дронаў. Раней Зяленскі даў беларускім уладам тыдзень на іх дэмантаж, папярэдзіўшы, што ў адваротным выпадку гэта можа зрабіць сама Украіна.
Акрамя таго, украінскі лідар заявіў, што Кіеву вядома пра беларускія прадпрыемствы, якія працуюць на патрэбы расійскай ваеннай машыны. Палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі ў "Позірку" расцэньвае такія заявы як сігнал аб тым, што адпаведныя аб'екты могуць разглядацца Украінай як патэнцыйныя ваенныя мэты.
На гэтым фоне назіральнік звяртае ўвагу на апошнія выказванні Аляксандра Лукашэнкі. У інтэрв'ю арабскім СМІ ён адзначыў уразлівасць Беларусі ў выпадку магчымых украінскіх удараў, а таксама заявіў, што ў выпадку вялікай вайны Беларусь можа апынуцца ў вельмі цяжкім становішчы.
Класкоўскі лічыць, што Кіеў вядзе мэтанакіраваную інфармацыйна-псіхалагічную кампанію, разлічаную на тое, каб прымусіць Мінск дыстанцыявацца ад расійскіх ваенных дзеянняў. Пры гэтым беларускія ўлады апынуліся перад складаным выбарам: з аднаго боку — саюзніцкія абавязацельствы перад Масквой, з другога — рызыка быць яшчэ глыбей уцягнутымі ў вайну.
На думку эксперта, цяперашняя сітуацыя стварае для афіцыйнага Мінска адзін з самых складаных выклікаў у сферы бяспекі з пачатку расійскага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе.
нг